Вечарам 12 снежня,
ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу, якая прайшла
ў Ватыканскай базыліцы з нагоды 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Падчас
яе Святы Айцец заклікаў спрыяць барацьбе з беднасцю, несправядлівасцю, насіллем і
злачыннасцю. Акрамя таго, Папа абвясціў аб сваім намеры здзейсніць апостальскае падарожжа
ў Мексіку і на Кубу “да Вялікадня 2012 г.” Сваю гамілію падчас літургіі Пантыфік прамаўляў
на трох мовах: іспанскай, партугальскай і італьянскай. Папа падкрэсліў, што, хоць
народы Лацінскай Амерыкі адзначаюць толькі 200-годдзе незалежнасці, аднак сёння відавочна
іх вядучая роля ў свеце. “У такім кантэксце важна, каб народы захоўвалі свой багаты
скарб веры і гістарычна-культурны дынамізм, заўсёды былі абаронцамі чалавечага жыцця,
ад пачатку да натуральнай смерці і спрыялі міру; баранілі сям’ю і яе сапраўдную прыроду
і місію”, - сказаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што такім чынам яны пакліканы
спрыяць большай колькасці ініцыятыў на карысць прымірэння і братэрства, дзеля ўмацавання
салідарнасці і клопату аб навакольным асяроддзі, прыкладаючы намаганні ў сферы барацьбы
з беднасцю, неадукаванасцю, карупцыяй, насіллем, злачыннасцю, няўпэўненасцю, гандлем
наркотыкамі і вымагальніцтвам.
Бэнэдыкт XVI паведаміў, што для таго, каб падтрымаць
народы Лацінскай Амерыкі ў гэтай дзейнасці і натхніць хрысціян да таго, каб іх вера
глыбей укаранялася ў сэрцах, ён здзейсніць апостальскі візіт у Мексіку і на Кубу.
Дакладную дату падарожжа Пантыфік не назваў, але адзначыў, што яно адбудзецца да Вялікадня
2012 г.