2011-12-13 13:55:19

Арцыбіскуп Мамбэрці знаходзіцца з візітам у Чылі


RealAudioMP3 13 снежня арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, Сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, падчас свайго афіцыйнага візіта ў Чылі сустрэўся з кіраўніком і супрацоўнікамі Міністэрства замежных спраў гэтай краіны, а затым з Прэзідэнтам Чылі Себасцьянам Піньера. Падчас сустрэч падкрэсліваўся добры стан адносін паміж Чылі і Апостальскай Сталіцай і пазітыўны ўклад, які робяць католікі ў жыццё грамадства, асабліва ў сферы адукацыі, сацыяльнай дзейнасці і інтэграцыі карэнных народаў.

Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні, на якія ўжо звярталася ўвага падчас сустрэчы Себасцьяна Піньера з Бэнэдыктам XVI ў сакавіку 2011 г.: абарона жыцця і сям’і, павага да правоў чалавека і фундаментальных свабод, уключаючы рэлігійную, сфера адукацыі, вернасць міжнароднаму праву, клопат аб навакольным асяродзі і сацыяльнай згодзе. Адзначалася, што Апостальская Сталіца і ўрад Чылі маюць падобны погляд на гэтыя праблемы і фундаментальныя прынцыпы чалавечага суіснавання.

Падчас свайго візіта ў Чылі арцыбіскуп Мамбэрці сустрэнецца таксама з старшынямі Сената і Палаты дэпутатаў парламента краіны, а таксама наведае санктуарыі св. Альберта Хуртадо і св. Тэрэзы з Анд.







All the contents on this site are copyrighted ©.