Ірландыя: біскупы заклікаюць урад не зачыняць пасольства пры Святым Пасадзе
Каталіцкія біскупы
Ірландыі на заканчэнне прац пленарнай сесіі епіскапата заклікалі ўрад краіны не зачыняць
пасольства краіны пры Апостальскай Сталіцы. Іерархі нагадалі, што пасольства пры Святым
Пасадзе з’яўляецца адным з найстарэйшых дыпламатычных прадстаўніцтваў незалежнай Ірландыі.
У сваім пасланні іерархі скіравалі таксама сардэчныя словы прывітання новаму Апостальскаму
нунцыю ў краіне, арцыбіскупу Чарльзу Браўну. Біскупы спадзяюцца, што яго дзейнасць
паспрыяе развіццю добрых адносін паміж краінай і Апостальскай Сталіцай.
Падчас
пленарнай сесіі біскупы абмеркавалі таксама пытанне сексуальнага выкарыстання дзяцей
некаторымі святарамі. У сваім паведамленні іерархі адзначылі, што падчас форуму яны
сустрэліся з прадстаўнікамі Нацыянальнай рады абароны дзяцей, якая нядаўна апублікавала
справаздачу аб сітуацыі ў шасці каталіцкіх дыяцэзіях краіны. Падчас перамоў было закранута
пытанне выдалення вінаватых са святарства. Канферэнцыя Біскупаў Ірландыі выказала
свой боль па прычыне мінулых злачынстваў з боку некаторых святароў і запэўніла, што
гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца ў рэчышчы праўды і справядлівасці.
Падчас
пленарнай сесіі епіскапата шмат месца было нададзена падрыхтоўцы да 50-га Міжнароднага
эўхарыстычнага кангрэса, які пройдзе ў ірландскім Дубліне 10-17 чэрвеня 2012 г. Плануецца,
што ў ім прыйме ўдзел больш за 80 тыс. вернікаў.