“Кожны год Тыдзень
вызвалення далітаў – гэта магчымасць для ўсёй хрысціянскай супольнасці пацвердзіць
сваю прыхільнасць да сясцёр і братоў з кастаў “недатыкальных”, якія пражываюць у маргінальных
сацыяльных, эканамічных і адукацыйных умовах”. Так пачынаецца ліст старшыні Камісіі
для далітаў і плямён Рады Біскупаў Таміл-Наду, штату, размешчанага на поўдні індыі,
біскупа Антонісамі Нецінатана. Яна звернута да католікаў і ўсяго індыйскага грамадства
з нагоды правядзення ў мясцовым Касцёле Нядзелі за правы далітаў. Тэмай дня, ініцыятарам
якога з’яўляецца Нацыянальная рада Цэркваў Індыі, сугучна з тэмай Міжнароднага дня
правоў чалавека, які будзе адзначацца 10 снежня – “Наш Бог з людзьмі, якія змагаюцца”.
“Індыйскае
грамадства ўсё яшчэ знаходзіцца ў цісках культуры, якая увекавечвае касты”, - напісаў
біскуп Нецінатан. “Нягледзячы на Евангелле Хрыста, - дадаў іерарх, - каставы менталітэт
пануе і пераважае таксама і ў хрысціянскай супольнасці. Дыскрымінацыя выплывае з саміх
структур няроўнасці і дазваляе працягваць бесчалавечныя адносіны да “недатыкальных”.
Біскуп звяртаецца з просьбай: “Няхай Бог кіруе нашай барацьбой за роўнасць
правоў хрысціян і мусульман даліцкага паходжання і нашымі намаганнямі пабудаваць грамадства
справядлівасці, міру і радасці для ўсіх”.