2011-12-09 14:14:06

Ізраіль: на Божае Нараджэнне больш за 90 тыс. турыстаў


RealAudioMP3 Ізраіль спадзяецца, што падчас святаў Божага Нараджэння краіну наведае больш за 90 тыс. турыстаў, трэцюю частку якіх будуць складаць пілігрымы. У 2011 г., паводле інфармацыі ізраільскага Міністэрства турызму, агульная колькасць турыстаў складзе 2,1 млн., з якіх 50% пілігрымы. 7 снежня міністэрства апублікавала паведамленне, у якім гаворыцца, што ў перыяд Божага Нараджэння паліцыя і памежныя службы будуць імкнуцца да лепшай абслугі турыстаў. Не паінфармавана аднак, ці для хрысціян з Палестынскіх тэрыторый будзе аблегчаны ўезд у Ізраіль, як гэта было ў мінулыя гады.

Паводле ізраільскіх уладаў, у Іерусаліме і Назарэце, а таксама на прапускным пункце ў Бэтлееме, турысты атрымаюць дадатковыя інфармацыйныя матэрыялы на некалькіх мовах. З кляштару св. Іллі, які размешчаны паміж Іерусалімам і Бэтлеемам, будуць курсіраваць спецыяльныя аўтобусы для дастаўкі турыстаў на плошчу перад базылікай Нараджэння Пана.

Паводле афіцыйных дадзеных у 2010 г. Ізраіль наведала нашмат больш турыстаў, чым у 2011 г. У мінулым годзе сярод 3,5 млн. асоб, наведаўшых краіну, было амаль 2,5 млн. хрысціян.







All the contents on this site are copyrighted ©.