Бэнэдыкт XVI прысутнічаў на другім адвэнтавым казанні айца Канталамесы
9 снежня Бэнэдыкт
XVI разам з іншымі супрацоўнікамі Рымскай курыі прысутнічаў на другім адвэнтавым казанні
айца Раньеро Канталамесы, прапаведніка Папскага Дома. Разважанні італьянскага капуцына
былі сканцэнтраваны вакол тэмы: “Няма больш ні грэка ні юдэя, ні варвара ні скіфа.
Другая хваля евангелізацыі”. Ён падкрэсліў, што па просьбе Святога Айца, у сувязі
з падрыхтоўкай да Сінода Біскупаў па новай евангелізацыі, яго адвэнтавыя разважанні
будуць прысвечаны чатыром хвалям евангелізацыі ў гісторыі Касцёла.
У сваім
сённяшнім казанні айцец Канталамеса разважаў над распаўсюджваннем Евангелля пасля
ўпадку Рымскай Імперыі і нападу на яе з боку варварскіх народаў. “Касцёл тады стаў
перад выбарам: якую пазіцыю заняць у новай сітуацыі? Вырашальную ролю ў прапаведванні
хрысціянскай веры ў новай рэчаіснасці ўзяў на сябе папа Леў Вялікі, які ясна ўсведамляў,
што хрысціянскі Рым перажыве язычніцкі”, - падкрэсліў прапаведнік Папскага дома. Ён
адзначыў, што Касцёл быў вымушаны весці ў той час дзве бітвы. Першай было змаганне
супраць арыянаў, якія прыбылі перш за ўсё ў заходнюю частку Рымскай імперыі. Другой
бітвай, у якую ўключыўся Касцёл, стала евангелізацыя язычнікаў. Айцец Канталамеса
адзначыў, што яна прывяла да стварэння парафіяльнай сістэмы ў дыяцэзіях, што паспрыяла
лепшаму абвяшчанню Евангелля варварскім народам, якія размесціліся ў сённяшняй Вялікабрытаніі,
Галандыі, Францыі, Германіі і паўночнай Італіі.
“Працэс хрысціянізацыі еўрапейскага
кантынента быў закончаны ў ІХ стагогоддзі, дзякуючы місіянерскай дзейнасці святых
Кірыла і Мятода”, - адзначыў італьянскі капуцын. На думку Прапаведніка Папскага дома,
галоўнымі героямі новай евангелізацыі, пачынаючы з ІV стагоддзя былі манаскія ордэны.
“З V па VІІІ стагоддзі Еўропа літаральна была пакрыта кляштарамі, многія з якіх адыгралі
важную ролю не тольлкі ў прапаведванні хрысціянскай веры, але і фарміраванні еўрапейскай
культуры, мастацтва і развіцця сельскай гаспадаркі”, - нагадаў айцец Канталамеса.
Італьянскі
капуцын адзначыў, што існуе падабенства паміж сённяшняй сітуацыяй у Еўропе і перыядам
пасля ўпадаку Рымскай імперыі. Навучанне Касцёла – адкрытае для новых народаў, якія
прыбываюць у Еўропу. “Сёння сюды не прыбываюць язычніцкія народы і хрысціянскія ерэтыкі,
але людзі, якія належаць да розных рэлігій. З імі трэба весці дыялог, які не супярэчыць
евангелізацыі, але вызначае яе стыль”, - падкрэсліў айцец Канталамеса ў сваім другім
адвэнтавым казанні.