Усходнія каталіцкія іерархі прапануюць устанавіць Дзень паяднання і міру
Патрыярхі Усходніх
Каталіцкіх Цэркваў выступілі з прапановай “устанавіць дзень малітвы за паяднанне і
мір на Блізкім Усходзе”, паведамляе агенцтва “Zenit”. Іерархі, падчас прайшоўшага
XX Кангрэса Рады Каталіцкіх Патрыярхаў Усходу, заклікалі да справядлівага і глабальнага
міру, каб здолець пакласці канец ізраільска-палестынскаму канфлікту і стварыць незалежную
палестынскую дзяржаву побач з існуючай ізраільскай. Іерархі выказалі таксама заклапочанасць
лёсам хрысціян у рэгіёне.
Кангрэс прайшоў пад кіраўніцтвам Патрыярха Антыяхійскага
і ўсяго Усходу для маранітаў Бeшары Бутраса Раі. Яшчэ адной тэмай сустрэчы – быў аналіз
і ажыццяўленне рэкамендацый Сінода для Блізкага Усходу, які праходзіў у Рыме ў кастрычніку
2010 г. Каталіцкія Патрыярхі Усходу выказалі свае надзеі, звязаныя з планаванай публікацыяй
Апостальскай адгартацыі Бэнэдыкта XVI, якая стане вынікам прац Сіноду.
Плануецца,
што наступны, XXІ Кангрэс Рады Каталіцкіх Патрыярхаў Усходу адбудзецца ў 2013 г. у
Іраку. У наступным годзе, 17-19 красавіка ў Ліване пройдзе адмысловая канферэнцыя,
арганізатарам якой выступіла Папская Рада па сродках масавай камунікацыі.