2011-12-07 14:09:51

Бэнэдыкт XVI: мець “простае сэрца”, каб убачыць Бога


RealAudioMP3 7 снежня, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане, Бэнэдыкт XVI прамовіў да вернікаў катэхезу прысвечаную малітве праслаўлення, часта называнай Гімнам радасці ці Гімнай радасці Месіі. Святы Айцец нагадаў, што аб гэтай малітве Езуса ўзгадваюць два евангелісты – св. Мацвей і св. Лука. “Гімн радасці з’яўляецца вяршыняй малітоўнага шляху, які паказвае глыбокае адзінства Езуса з жыццём Айца ў Духу Святым, у якім праяўляецца Яго Боскае сыноўства”, - сказаў Пантыфік.

“Кожнае знаёмства паміж людзьмі, і мы аб гэтым добра ведаем дзякуючы нашым адносінам з іншымі, вядзе да большага ці меньшага ўдзелу і ўнутранай сувязі з тымі, хто нас ведае ці каго ведаем мы. Нельга ведаць іншага без адзінства быцця. У Гімне радасці, як і ў іншых малітвах, Езус паказвае нам, што сапраўднае веданне Бога паходзіць ад адзінства з Ім”.

Папа адзначыў, што чалавек пачынае сваё знаёмства з Богам толькі будучы ў адзінстве і маючы пастаянны кантакт з Ім. “Калі я ў адзінстве з Богам, тады ведаю, што сапраўднае веданне аб Ім мае толькі Яго Адзінародны Сын і толькі Ён можа паказаць нам, хто такі Бог”, - сказаў Святы Айцец. Папа падкрэсліў, што Езус выказаў сваю радасць, з таго, што воляй Айца было адкрыць таямніцы не мудрацам, але тым, хто “малы” і мае простае сэрца. “У гэтым была воля Айца і Яго Сын падзяляе яе і прымае з радасцю”, - сказаў Папа.

“Адсюль паходзіць заклік, з якім мы звяртаемся да Бога ў малітве “Ойча наш”: “будзь воля Твая, як у небе так і на зямлі”; разам з Хрыстом і ў Хрысце, таксама і мы просім увайсці ў сугучча з воляй Айца, і праз гэта таксама становімся Яго сынамі. Таму Езус, у гэтым Гімне радасці, выражае сваё захапленне ад жадання ўключыць у сваё сыноўняе веданне Бога ўсіх тых, каго Айцец хоча зрабіць удзельнікамі гэтага – тых, якія прымуць гэты дар, як “малыя”.

Папа адзначыў, што Езус сам патлумачыў, што азначае быць “малым”, калі падчас Нагорнай пропаведзі сказаў: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо ўбачаць Бога”. “Чысціня сэрца дазваляе распазнаць аблічча Бога ў Езусе Хрысце і мець сэрца простае, як у дзяцей, без прэзумпцыі тых, хто закрываецца ў самім сабе, думаючы, што яму ніхто непатрэбны, нават Бог”, - адзначыў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што ў Евагеллі паводле Мацвея прычынай радасці з якой Езус звярнуўся да Айца, было тое, што негледзячы на адчужэнне і непрыняцце яго слоў, існавалі тыя “малыя”, якія адкрыліся на дар веры ў Яго. Таксама і св. Лука прадстаўляе Гімн радасці ў сувязі з момантам абвяшчэння Евангелля. “72 вучні вяртаюцца поўныя радасці, бо іх місія была паспяховай; яны ўпэўніліся ў тым, што моцай слова Езуса, зло, якое чыніў чалавек, было пераможана. І Езус падзяляе з імі задавальненне: “у гэты момант Ён напоўніўся радасцю”.

Папа падкрэсліў таксама, што ў Евангеллі паводле Мацвея Езус заклікае ісці за Ім, які з’яўляецца сапраўднай мудрасцю, “ціхім і пакорным сэрцам”. “Ён прапануе нам “свой цяжар”, шлях мудрасці Евангелля, які не з’яўляецца навучаннем, што трэба вывучыць або этычнай прапановай, але Асобай, якую трэба наследаваць: Яго самаго, Адзінароднага Сына ў дасканалай еднасці з Айцом.

Папа заклікаў прысутных на аўдыенцыі вернікаў мець простае сэрца і быць “убогімі духам”, каб убачыць, што мы не самадастатковыя, што не можам будаваць наша жыццё самі, але маем патрэбу ў Богу, маем патрэбу сустрэць Яго, слухаць і размаўляць з Ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.