2011-12-06 14:55:42

“Homo caritatis”. Духоўныя сродкі палітычнай барацьбы


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з этыка-палітычнай філасофіяй Жака Марытэна, выдатнага хрысціянскага мысліцеля, ідэі якога вельмі паўплывалі на развіццё ўсяго Каталіцкага навучання ў ХХ ст. Нагадаю, што нашы разважанні грунтуюцца на кнізе Марытэна, якая называецца “Чалавек і дзяржава”. Яна была ўпершыню апублікавана ў 1951 г. на англійскай мове, а ў яе аснове ляжаць шэсць лекцый прачытаных філосафам у Чыкагскім універсітэце.

У мінулых праграмых, мы пачалі размаўляць аб розных сродках, неабходных для рацыяналізацыі палітычнага жыцця. Мы ўбачылі, што з аднаго боку існуе тэхнічны шлях, на якім выкарыстоўваюцца ўсе сродкі, незалежна ад іх маральнай характэрыстыкі, а з іншага – маральны шлях. Гэты апошні, з’яўляецца больш складаным, доўгім, але адзіным па-сапраўднаму плённым і трывалым.

Шлях Гандзі

У сённяшняй праграме мы пагаворым аб больш канкрэтнай прапанове Марытэна, якая можа паспрыяць маральнай рацыяналізацыі палітычнага жыцця. Філосаф заклікае да прымянення духоўных сродкаў да зямных спраў і спасылаецца паняцца “Сацьяграхі” – негвалтоўнага супраціву – Гандзі. Жак Марытэн назваў яе “сродкамі духоўнай барацьбы”.

Як вядома, “Сацьяграха” азначае “Улада Праўды”. Гандзі пастаянна падцвярджаў каштоўнасць “Сілы Любові”, “Сілы Душы” і “Улады Праўды”, як прыладаў, ці сродкаў палітычнай і сацыяльнай дзейнасці. Ён казаў: “Цярпенне і дабраахвотныя пакуты, абарона праўды праз прычыненне пакут не нашаму ворагу, але самім сабе, з’яўляюцца зброяй мацнейшага з мацнейшых”.

Марытэн казаў, што тэорыю і тэхніку Гандзі неабходна суаднесці і патлумачыць навучаннем св. Тамаша з Аквіну, аб тым, што галоўная праява цнатлівай мужнасці – гэта не нападзенне, але пастаянства ў вытрымцы, цярпенні і пакутах. Таму неабходна прызнаць, што існуюць два розныя тыпы барацьбы, як і два розныя тыпы мужнасці – мужнасць тых, хто атакуе і мужнасць тых, хто пакутуе, моц прымусу ці агрэсіі і моц цярпення, моц, якая нясе пакуты іншым і моц, якая скіроўвае іх на сябе. Марытэн падкрэслівае, што супрацьстаянне злу нападзеннем і прымусам вядзе да праліцця крыві іншых; а супрацьстаянне злу праз пакуты і цярпенне вядзе да ахвяравання ўласным жыццём. Менавіта да другога тыпу належаць сродкі духоўнай барацьбы. Сродкі, якія адносяцца да мужнасці ў цярпенні, з’ўяляюцца перавагай “мацнейшага з мацнейшых”, як пісаў Гандзі. Больш складаныя і цяжкія сродкі па сваёй прыродзе з’яўляюцца больш моцнымі.

Універсальнасць сродкаў духоўнай барацьбы

Сам Гандзі лічыў, што такія сродкі могуць прымяняцца як на Усходзе так і на Захадзе. Яго ўласныя намаганні былі скіраваны на тое, каб стварыць грамадсткую сістэму цярпення і дабраахвотнага пакутавання ў якасці асаблівага метада або тэхнікі палітычнай дзейнасці. Людзі, якія надаюць вялікае значэнне духоўным каштоўнасцям, незалежна ад тако, ці будуць яны наследваць навучанне Гандзі, ці нейкі іншы метад, рана ці позна прыдуць менавіта да такога вырашэння праблем.

На думку Марытэна сродкі духоўнай барацьбы могуць прымяняцца ў трох выпадках: па-першае, у барацьбе нацыі, якую прыгнятае іншая нацыя; па-другое, у барацьбе народа, які імкнецца атрымаць кантроль над дзяржавай і захаваць яго; і па-трэццяе – у імкненні хрысціян перамяніць цывілізацыю, зрабіўшы яе па-сапраўднаму хрысціянскай, натхнёнай Евангеллем.

Марытэн, падкрэслівае, што калі б хрысціянска-дэмакратычныя партыі, якія прыйшлі да ўлады ў многіх еўрапейскіх краінах у пасляваенны перыяд, мелі больш глыбокае асэнсаванне таго, чаго людзі ад іх чакаюць, то такі аспект праблемы сродкаў – адкрыццё новай тэхнікі падобнай да метаду Гандзі, мог бы з самага пачатку завалодаць іх розумам.

Філосаф адзначае, што духоўныя сродкі палітычнай барацьбы могуць даць людзям найвышэйшую зброю для атрымання і ўтрымання кантролю над урадавымі чыноўнікамі, а таксама над вялікай, ананімнай дзяржаўнай машынай. Нават калі народ не можа разабрацца ў юрыдычных і адміністрацыйных тонкасцях, ён усё ж, можа супрацьстаяць дзяржаўнай машыне адкрытай моцай свайго цярпення ў імя справядлівых патрабаванняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.