2011-12-06 15:48:23

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Хрысціянская чуйнасць


Разглядаючы розныя аспекты фарміравання каталіцкай ідэнтычнасці, мы заўважылі, на колькі яна абумоўленая разнастайнымі фактарамі. Гэтыя фактары складаюцца не толькі з таго, што мы перажылі ў мінулым. Але велізарнае ўздзеянне на нас аказвае кожны новы дзень, кожнае “сёння”. Пад уплывам таго, што кожны з нас перажывае і з чым (або з кім) уступае ў кантакт, наступаюць змены ў нашым светаўспрыманні.

Яшчэ старажытныя айцы Касцёла заўважылі, што мы можам мець уплыў на свае жыццёвыя перажыванні, але не маем уплыву на тое, што нас спаткае. І гэтае невядомае можа аказаць велізарнае ўздзеянне на тое, якой будзе нашая хрысціянская ідэнтычнасць заўтра. Здаецца, з гэтай безабароннасці чалавека перад неспазнанасцю будучыні, выплывае заахвочванне Езуса Хрыста: “чувайце і маліцеся”. Чуйнасць, уважлівасць да таго, што дзеецца ў нас і вакол нас, асвечаная малітоўным кантактам з Богам, робіць нашыя крокі ў будучыню больш моцнымі і ўпэўненымі.

Чуйнасць належыць да важнейшых фактараў, мацуючых хрысціянскую ідэнтычнасць. Гэта тая важная якасць чалавека, ад якой залежыць перажыванне сённяшняга дня. А ад таго, наколькі мы чуйныя і ўважлівыя ў распазнаванні сваёй цяперашняй кандыцыі, залежыць наш стан у будучыні.

Варта таксама заўважыць, што ўважлівасць да сваіх жыццёвых перажыванняў з’яўляецца вельмі няпростай справай. Да яе можна падыходзіць па-рознаму: як пазітыўна, так і негатыўна. Прыгледзімся ж да некаторых аспектаў хрысціянскага чування.

Жыццёвую, ці больш вузка – хрысціянскую, чуйнасць можна ўспрымаць як нешта адмоўнае. Так разуметая чуйнасць часта звязаная з радыкальна-кансерватыўным падыходам да веры і Касцёла. Гэта пазіцыя, пры якой вернік кіруе ўсе свае сілы на захаванне нейкай рэлігійнай паставы. Гаворка пра нейкую змену ці карэкціроўку будзе разглядацца такой асобай як замах на яе веру. Здаецца, не трэба тлумачыць, на колькі нішчыць духоўнае жыццё такі агрэсіўна-абарончы падыход да веры.

Поўная кансервацыя сваіх рэлігійных перакананняў прыводзіць да таго, што асоба пачынае замыкацца на рэальны свет, даводзіць сябе да духоўнай стагнацыі. І ўсё гэта яна можа прыкрываць прыгожым лозунгам “абароны традыцыі”. Не далёка ад гэтай паставы знаходзіцца яшчэ адна негатыўная форма хрысціянскай чуйнасці. Гэта пазіцыя: “не дазволіць сябе зламаць”.

Хрысціянская чуйнасць у такой сітуацыі зноў жа зводзіцца толькі да негатыву. Усё новае такі вернік адразу ўспрымае як патэнцыйную пагрозу, нейкую змову ворагаў, інструмент ламання веры.

Варта звярнуць увагу, што такі негатыўны падыход да веры спяшаецца ўсё знешняе і новае ўспрымаць як пагрозу для сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці. У той жа час такая асоба не звяртае ўвагу на тое, што рэальная пагроза можа паходзіць з нутры, з яе закасцянеласці. А замкнёнасць на знешні свет можа заблакаваць адносіны з Богам.

Зусім па іншаму выглядае пазітыўны падыход да хрысціянскай чуйнасці. У дадзеным выпадку слова “чуваць” будзе блізкае паняццю “быць уважлівым”. Пазітыўнае хрысціянскае чуванне – гэта ўважлівасць да таго, што адбываецца ў нас і вакол нас. Такая пастава фарміруе ў верніку вельмі ўважлівы і пазітыўны падыход да рэальнага свету. І гэты свет сузіраецца не як пагроза, а наадварот, як прастора творчых узаемаадносінаў з Богам. Тое, што ў негатыўным падыходзе разглядалася як замах на нязменную ідэнтычнасць, у пазітыўным чуванні будзе разглядацца як знак часу, як дзеянне Божага Провіду з мэтай духоўнага развіцця асобы. Станоўчы падыход да хрысціянскай чуйнасці, уважлівасць да ўнутранага і знешняга свету асобы, адкрывае вялікія далягляды ўзаемадзеяння з Божай ласкай, адкрывае асобу на няспыннае ўзаемадзеянне з натхненнямі Духа Святога. Хацелася б пажадаць сабе і вам, шаноўныя слухачы, здаровай хрысціянскай чуйнасці, уважлівасці да таго, што дзеецца ў нас і вакол нас. Каб мацаванне хрысціянскай ідэнтычнасці было для нас творчым шляхам паглыблення ў раскрыцці таямніцы Бога і чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.