2011-12-05 12:15:03

Справаздача аб сітуацыі з сацыяльным навучаннем Касцёла ў свеце


RealAudioMP3 Міжнародны цэнтр імя кардынала Ван Туана апублікаваў справаздачу аб сітуацыі з сацыяльным навучаннем Касцёла ў свеце. Падчас прэзентацыі дакумента, кіраўнік гэтай установы, арцыбіскуп Трыеста Джанпаўло Крэпальдзі адзначыў, што сёлетняя справаздача мае на мэце звярнуць увагу на некаторыя хвалюючыя аспекты рэалізацыі сацыяльнага навучання. На думку іерарха, яно не павінна стаць сухім і непрывабным, наадварот, “павінна быць сталай часткай жыцця Касцёла і яго евангелізацыйнай місіі”.

У дакуменце адзначаецца, што перад Касцёлам стаяць шматлікія перашкоды: знешнія і ўнутраныя. Першыя тычацца “агрэсіўнасці сучаснай секулярнай культуры, якая імкнецца захапіць усе сферы грамадскага жыцця і пазбавіць яго не толькі рэлігіі але нават этыкі і разумення супольнага дабра”. “Гэта сілы, якія на міжнародным узроўні арганізуюць працяглыя і жорсткія атакі на жыццё і сям’ю, спрыяюць таму, каб у большай колькасці краін прымаліся законы на карысць абортаў і развалу сем’яў”, - адзначаецца ў справаздачы. Акрамя таго, звяртаецца ўвага на негатыўную дзейнасць культурных арганізацый, якія спрыяюць пашырэнню дэфармаванага погляду на індывідуальную свабоду, адносіны паміж паламі і пракрэацыю”.

Сярод унутраных перашкодаў для каталіцкага сацыяльнага навучання, адзначаецца слабая зацікаўленасць з боку вернікаў навучаннем Папы, якое часта разглядаецца толькі як адна з магчымых шматлікіх прапаноў. Аўтары дакумента выказваюць перакананне, што заклік Папы, які кажа “аб сведках, святых і мучаніках, аб прароцтве і адвазе, аб новым місіянерскім запале”, павінен быць пачуты і прыняты як рэалізацыя сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Міжнародны цэнтр імя кардынала Ван Туана быў заснаваны ў 2003 г з мэтай спрыяць развіццю і пашырэнню сацыяльнага навучання Касцёла. Установа носіць імя в’етнамскага іерарха, які з 1975 г. па 1998 г. знаходзіўся ў турме на падставе фальшывых абвінавачванняў з боку камуністычных уладаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.