2011-12-05 12:37:11

Егіпет: хрысціяне занепакоены прыходам да ўлады мусульманскіх радыкалаў


RealAudioMP3 Егіпецкія хрысціяне-копты выказваюць сваю занепакоенасьць з нагоды прыходу да ўлады ў краіне мусульманскіх радыкалаў – ісламскія партыі атрымалі дзве трэція галасоў на парламенцкіх выбарах у Егіпце, паведамляе агенцтва “KIPA-APIC”. Вышэйшая выбарчая камісія Егіпта апублікавала 4 снежня папярэднія вынікі выбараў. Тры ісламскія палітычныя рухі ў цэлым атрымалі 65,5% галасоў. Гаворка ідзе пра фундаменталісцкую “Партыю свабоды і справядлівасці”, створаную “Братамі-мусульманамі” (36,62%, 3,5 млн. галасоў), салафіцкую “Партыю святла” – “Ан-Нур” – (24,36%, 2,3 млн. галасоў) і ўмераную ісламскую партыю “Вассат” (4,27%, прыблізна 416 тыс. галасоў).

У той жа час, выбаркам Егіпта паведаміў, што не будзе публікаваць афіцыйныя вынікі 1-га этапу выбараў у ніжэйшую палату парламента краіны да заканчэння галасавання ў пачатку студзеня 2012 г. Тым не менш, лідэры найбуйнейшых ісламісцкіх партый і рухаў ужо заявілі аб сваёй перамозе. Самую ўплывовую са свецкіх партый – “Егіпецкі блок” – падтрымалі толькі каля 15% грамадзян Егіпта. Яшчэ некалькі ліберальных рухаў атрымалі каля 5% галасоў.

Да цяперашняга часу прагаласавалі пераважна жыхары Каіра і Александрыі. У ходзе наступных этапаў выбараў галасаванне пройдзе ў правінцыі, дзе насельніцтва яшчэ больш падтрымлівае ісламістаў, і можна чакаць іх яшчэ большага поспеху. Такім чынам, значна ўзрасла верагоднасць ператварэння Егіпта з свецкай дзяржавы ў ісламскую рэспубліку.







All the contents on this site are copyrighted ©.