2011-12-05 11:54:49

Віцэ-прэзідэнт ЗША: улады Сірыі павінны спыніць гвалтоўныя дзеянні


RealAudioMP3 Дзеянні прэзідэнта Сірыі Башара Асада пагражаюць распаліць міжрэлігійныя канфлікты не толькі ў яго краіне, але і ва ўсім рэгіёне, заявіў у Турцыі віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. “Башар Асад і яго рэжым – крыніцы нестабільнасці ў Сірыі, якія нясуць у сабе вельмі сур’ёзную пагрозу, бо яны могуць распаліць полымя міжрэлігійных канфліктаў не толькі ў Сірыі, але і за яе межамі”, - сказаў Байдэн падчас перамоваў з прэзідэнтам Турцыі Абдулой Гюлем. Паводле яго слоў, у цяперашні час галоўная задача ЗША і іх саюзнікаў складаецца ў тым, каб спыніць забойствы грамадзянскіх асоб у Сірыі і дамагчыся адстаўкі Асада.

“ЗША займаюць выразную пазіцыю па Сірыі. Правячы рэжым Сірыі павінен спыніць гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да ўласнага народа, а Башар Асад павінен пакінуць сваю пасаду і тым самым адкрыць шлях да дэмакратычных пераўтварэнняў і выканаць патрабаванні народа”, - заявіў віцэ-прэзідэнт у інтэрв'ю турэцкім СМІ.

Башар Асад – мусульманін-алавіт, прадстаўнік рэлігійнай меншасці ў Сірыі. Антыўрадавыя дэманстранты – галоўным чынам суніты, якія прадстаўляюць рэлігійную большасць у гэтай краіне. Шыіцкі Іран з’яўляецца галоўным саюзнікам Асада ў рэгіёне.







All the contents on this site are copyrighted ©.