2011-12-05 14:30:35

Апостальская Сталіца стала членам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі


RealAudioMP3 5 снежня Апостальская Сталіца стала членам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Такое рашэнне было прынята падчас пленарнай сесіі арганізацыі, якая праходзіць у Жэневе. Да гэтага моманту Апостальская Сталіца ў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі мела статус назіральніка. У інтэрв’ю нашаму радыё арцыбіскуп Сільвано Тамазі пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН, адзначыў, што наданне Святому Пасаду статуса члена гэтай арганізацыі з’яўляецца важнай падзеяй у святле пашырэння феномена міграцыі ў сучасным свеце.

“У той час як у свеце павялічваецца колькасць мігрантаў, бежанцаў, людзей, якія пастаянна пераязджаюць з аднаго рэгіёна ў іншы, важна прысутнічаць і ўдзельнічаць у працы міжнароднай супольнасці для таго, каб прынесці ў яе нешта асаблівае, характэрнае для дзейнасці Апостальскай Сталіцы, а менавіта: этычны позірк у інтрэпрытацыі новых сітуацый”.

Іерарх адзначыў, што з наданнем Святому Пасаду статусу члена Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, з’явілася больш магчымасцяў агучваць сваю пазіцыю па сацыяльным пытанням, у вырашэнні якіх неабходна не столькі палітыка, колькі адкрытасць на патрэбы людзей. “Касцёл мае вялікую сець каталіцкіх арганізацый, якія дапамагаюць мігрантам. Супрацоўніцтва са структурамі міжнароднай супольнасці з’яўляецца лагічным крокам для таго, каб зрабіць наша служэнне больш эфектыўным”, - адзначыў арцыбіскуп Тамазі. Іерарх падкрэсліў, што згодна з навучаннем Папы і традыцыяй Касцёла, каталіцкія арганізацыі дапамагаюць людзям незалежна ад іх веравызнання, колеру скуры ці статуса.
Міжнародная арганізацыя па міграцыі была заснавана ў 1951 г. з мэтай дапамогі шматлікім бежанцам і мігрантам, якія з’явіліся пасля ІІ Сусветнай вайны. Сёння арганізацыя працягвае гэту місію ў новым гістарычным кантэксце.







All the contents on this site are copyrighted ©.