2011-12-03 12:27:06

“Octava Dies”. Што стане з гэтым немаўляткам?


RealAudioMP3 “Што стане з гэтым немаўляткам?”, - такім пытаннем задаецца ў сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і дырэктар Ватыканскага радыё кс. Фэдэрыко Ламбардзі, разважаючы над лёсам шматлікіх дзяцей у свеце. У Евангеллі гэтае пытанне паходзіць з вуснаў родных і сяброў пры нараджэнні Яна, які стане Хрысціцелем. Яно хвалюе таксама ўсіх нас ў момант цуду нараджэння кожнага дзіцяці, што прыходзіць у гэты свет. Гэта пытанне змяшчае ў сабе надзею і выклікае пэўную заклапочанасць”, - адзначае ў сваёй кс. Ламбардзі.

Італьянскі іезуіт нагадвае, што падобнае пытанне узнікала ў момант сустрэчы Папы з дзецьмі два тыдні таму, падчас падарожжа ў Бенін. “Вельмі кранальна было бачыць, як старэнькага Пантыфіка ў рытме танца вялі, трымаючы за руку, прыгожыя малышы”, - сказаў кс. Ламбардзі. “У сінадальным дакуменце, які Папа ўласнаручна прынёс ў Афрыку, вельмі ўражліва пералічваюцца некаторыя адносіны да дзяцей, з якімі нельга мірыцца: “Дзеці, забітыя да нараджэння, непажаданыя немаўляты, сіроты, афрыканскія альбіносы, вулічныя дзеці, дзеці-салдаты, вязні, дзеці на прымусовай працы, тыя, над кім здзекваюцца з-за іх ментальнай ці фізічнай інваліднасці, якіх лічаць ведзьмакамі, падлеткі, якіх прадаюць як сексуальных нявольнікаў – гэта маленькія людзі, якім нанесены траўмы і аднята перспектыва на будучыню”, - звяртае ўвагу кс. Ламбардзі.

Дырэктар Ватыканскага радыё нагадвае, што аб іх усіх Касцёл павінен клапаціцца. “З 125 тыс. касцельных інстытутаў па ахове здароўя і справах міласэрнасці, больш за 20 тыс. прысвечаны менавіта праблемам дзяцей. Многія іншыя – школы ці установы дапамогі дзяцям вуліцы і сіротам”, - нагадаў італьянскі святар. Кс. Ламбардзі звярнуў увагу на тое, што “падчас Міжнароднай канферэнцыі па абароне дзяцей ад сексуальных злачынстваў, якая прайшла нядаўна, прапанова яснага і рашучага Дэкалогу ў гэтай сферы, агучаная кс. прэлатам Чарльзам Шыклюнам, супрацоўнікам Кангрэгацыі Веравучэння, сустрэла вялікія авацыі”. “Справядліва нагадаць таксама аб каштоўным і шчырым апекаванні дзецьмі з боку жанчын, законніц і свецкіх. Гэта, безумоўна, адзін з найпрыгажэйшых і карысных укладаў жаночага служэння чалавецтву і Касцёлу. У часе Адвэнту, часе Пана-дзіцяці, такія думкі ўзнікаюць спантанна, бо мы ўсе маем падставы, каб заставацца на перадавой лініі гэтага фронта”, - адзначыў кс. Ламбардзі.











All the contents on this site are copyrighted ©.