2011-12-02 13:52:53

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі кангрэса душпастырства замежных студэнтаў


RealAudioMP3 2 снежня Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі удзельнікаў ІІІ Сусветнага кангрэса душпастырства замежных студэнтаў, арганізатарам якога з’яўляецца Папская Рада пастрыства эмігрантаў і падарожнікаў. Папа адзначыў, што тэма форума “Замежныя студэнты і сустрэча культур”, з’яўляецца вельмі актуальнай і важнай у сучасным свеце, дзе “сустрэча культур з’яўляецца адной з фундаментальных рэальнасцяў нашай эпохі і будучыні чалавецтва і Касцёла”.

“Сустрэча культур ва ўніверсітэтскіх асяродках павінна быць падтрымана, і будавацца на фундаменце чалавечых і хрысціянскіх прынцыпаў, універсальных каштоўнасцяў, каб дапамагала ўзрастаць новаму пакаленню здольнаму да дыялога і праніклівасці, якое б спрыяла пашырэнню павагі і супрацоўніцтва дзеля міра і развіцця”, - сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў упэўненасць, што “замежныя студэнты маюць здольнасці да таго, каб дзякуючы свайму інтэлектуальнаму, культурнаму і духоўнаму выхаванню стаць сапраўднымі галоўнымі дзеючымі асобамі больш чалавечага свету”. Папа заклікаў, дзеля гэтага задання, спрыяць не толькі павышэнню прафесійнай кваліфікацыі студэнтаў, але таксама дапамагаць ім быць здольнымі адказваць на пытанні аб шчасці, сэнсе і поўні, якія прысутнічаюць у сэрцы чалавека.

“Маладыя хрысціяне, якія паходзяць з розных культур, але прыналежаць да адзінага Касцёла Хрыста, могуць паказаць, што Евангелле – гэта Слова надзеі і збаўлення для людзей кожнай культуры, узроста і эпохі”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

У ІІІ Сусветным кангрэсе душпастырства замежных студэнтаў прымае удзел каля 135 дэлегатаў з 36 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі і краін Блізкага Усходу. Сярод іх каля 30 студэнтаў. Асаблівасць сустрэчы ў тым, што ў ёй прымаюць удзел не толькі католікі, але і праваслаўныя, англікане і лютэране.








All the contents on this site are copyrighted ©.