2011-12-02 11:05:55

Беларусь: упершыню каталіцкія праграмы на дзяржаўным тэлебачанні


RealAudioMP3 Беларускія каталіцкія святары выйшлі ў эфір – тэлевізійны. На нацыянальных каналах “Беларусь 1” і “Беларусь 2” запушчаны два новыя праекты “Слова пастыра” і “Размовы са святаром”. Гэтыя перадачы, якія будуць выходзіць 2 разы ў месяц, вывелі супрацоўніцтва каталіцкага духавенства і дзяржаўнага тэлебачання, можно сказаць, на новы ўзровень. Праграму “Слова пастыра” вядзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Асоба архіпастыра і прадыктавала фармат і характар праграмы, сур’ёзны і змястоўны. Гэта зварот да гледача або, нават, настаўленне – паведаміў адказны за СМІ пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз Юрый Санько.

Калі “Слова пастыра” па сутнасці настаўленне, то “Размовы са святаром” – гэта дыялог з гледачом. Вядучы праграммы – ксёндз Юрый Санько – адказвае на пытанні гледачоў, дасланыя на электронную скрынку pytanni@catholic.by або звычайнай поштай на адрас мітрапалітальнай курыі. Гісторыя, звычаі, традыцыі, хрысціянскае жыццё ў сям’і – толькі прыкладны спектр тэм тэлеперадачы, абмяжоўваць які вядучы не імкнецца. А нават калі часу закрануць ўсе пытанні ў эфіры не хопіць, увагу ім удзеляць на інтэрнэт-старонцы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі catholic.by.

Першыя “серыі” кожнай з праграм ужо выйшлі ў эфір. Наступныя “Размовы са святаром” – 6 снежня, у дзень успаміну св. Мікалая. Хто павінен прыходзіць да дзяцей – Дзед Мароз ці св. Мікалай? – чаму ні тэма для дыскусіі. Але мы і так забягаем наперад. Сачыце за тэлепраграмай у прэсе і анонсамі праграм на сайце catholic.by, дасылайце пытанні. І пачуеце адказ, адрасаваны менавіта вам.







All the contents on this site are copyrighted ©.