2011-12-01 13:20:27

З’явіўся рабочы дакумент Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі


RealAudioMP3 7-28 кастрычніка 2012 г. пройдзе ХІІІ сесія Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, якая будзе прысвечана новай евангелізацыі. Яна будзе прымеркавана таксама да 50-годдзя адкрыцця ІІ Ватыканскага сабору і 20 гадавіне апублікавання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. З гэтай нагоды ў Рыме прайшло пасяджэнне ХІІ Арганізацыйнай рады Генеральнага Сакратарыяту Сіноду Біскупаў. Арцыбіскуп Нікола Этэравіч, Генеральны Сакратар Сіноду Біскупаў, заявіў, што пасяджэнне было прысвечана працы над рабочым дакументам (Instrumentum laboris) будучага Сінода на аснове прапаноў, дасланых з усіх нацыянальных біскупскіх канферэнцый. Было дакладна сфармулавана паняцце новай евангелізацыі, якая грунтуецца на біблійнай і тэалагічнай традыцыі ў адпаведнасці з першапачатковай евангелізацыйнай місіяй Касцёла.

У рабочым дакуменце падкрэсліваецца, што новая евангелізацыя скіравана перш за ўсё да людзей, якія больш не прытрымліваюцца рэлігійных практык. Праз новую евангелізацыю Касцёл рэагуе на пастаянныя змены, якія адбываюцца ў працэсе глабалізацыі ў культурным і маральным клімаце секулярызму і агнастыцызму. Гэта патрабуе новай мовы і новага сведчання, што асабліва важна для перадачы веры наступным пакаленням у сацыяльным кантэксце, дзе першапачатковай мэтай натуральных і традыцыйных супольнасцяў, такіх як сям’я і школа, з’яўляецца навучанне веры.

У дакуменце сказана, што Касцёл супрацоўнічае з грамадскімі інстытутамі, бо Яго місія палягае на евангелізацыі праз абвяшчэнне, ініцыяцыі, літургіі, святасці асоб, выкарыстанні новых метадаў і форм. Гэта неабходна, каб пераканаць не толькі ахрышчаных, якія пакінулі практыкаванне веры, але і няверуючых, агностыкаў, а нават паслядоўнікаў іншых рэлігій, з якімі праз дыялог і сустрэчу можна шукаць сэнс жыцця і веры чалавека.

Наступнае пасяджэнне Арганізацыйнай рады Генеральнага Сакратарыяту па падрыхтоўцы да Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі пройдзе 16 і 17 лютага 2012 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.