2011-12-01 15:02:56

"З сэрцам у кантакце". Дэкалог. II i III запаведзі


Мы працягваем разважаць Дэкалог і сёньня я раскажу вам аб двух чарговых запаведзях: «Не ўжывай імені Божага надарэмна» і «Памятай дзень сьвяты сьвяткаваць».

Вось як гучыць другая запаведзь у Бібліі, у Кнізе Выхаду:

“НЕ ВЫМАЎЛЯЙ ІМЯ ГОСПАДА, БОГА ТВАЙГО, МАРНА, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна” (Вых 20, 7).

Што азначае вымаўленьне якога-небудзь імя? Вымаўляць імя – гэта клікаць таго, каму яно належыць. Калі мы вымаўляем імя Госпада, то мы клічам Яго, просім, каб Ён прыйшоў і зьвярнуў на нас сваю ўвагу. Гэта нішто іншае, як малітва! Аднак, калі мы робім гэтак не ўсьведамляючы таго, што заклікаем Бога (звычайна ў стане эмацыянальнага ўзбуджэньня ці зьнерваваньня), то такое вымаўленьне і ёсьць марным. Вельмі часта можна пачуць: “О, Госпадзе!”, “О, Божа!”, “Сьвят, сьвят, сьвят...”, “ей Богу”, “Ну, слава Богу!”. Такія словы не зьяўляюцца малітвай, бо чалавек вымаўляе іх механічна.

Мова, словы – яны дадзеныя нам ад Бога, вось чаму яны так шмат важаць. Можна было б нават сказаць, што яны матэрыяльныя, бо зьмяняюць рэчаіснасьць. Ад нашых слоў залежаць размаітыя рэчы: пачынаючы ад добрага настрою нашага сябра, і заканчваючы жыцьцём другога чалавека. Калі мы пустасловім, ужываем нашую мову, не клапоцячыся пра наступствы, то мы таксама вымаўляем імя Госпада надарэмна. Робячы так, мы ігнаруем прысутнасьць у сьвеце Божага Провіду, тое, што Бог дзейнічае ў нашым жыцьці і нашых сэрцах.

Пакараньне за парушэньне запаведзі

Запаведзь кажа, што Бог не пакіне без пакараньня тых, хто парушае яе. Сапраўды, большасьць тых людзей, якія вымаўляюць імя Бога надарэмна, маюць праблемы з асабістай малітвай. Гэта адбываецца таму, што яны губляюць нешта сьвятое (сакрум), інтымнасьць, якая ўласьціва духоўнаму жыцьцю, адносінам паміж Богам і чалавекам. Пустаслоўе зьнішчае цішу, у якой Бог ахвотна прамаўляе да чалавека. Замест яе ў душу чалавека прыходзіць неўпарадкаванасьць, нежаданьне слухаць, няўменьне кантактаваць з іншымі, праклёны, адсутнасьць ветлівасьці, хамства...

Так, мае дарагія, не хачу падацца вам няветлівым, але, прынамсі ў горадзе Мінску, колькасьць хамства на асобу перабольшвае магчымасьці чалавека заставацца радасным, нават тады, калі ён хрысьціянін. Цікава, што нас робіць бязрадаснымі: заплёваныя пад’езды і маты суседзяў, нашая злосьць на іх, наша аднапакаёвая “хрушчоўка”?! Парадокс, але мы самі сябе робім бязрадаснымі, няшчаснымі.

Пра прысягу

Прысяга – гэта прызываньне Бога за сьведку, што я кажу праўду, або ў тым, што стрымаю сваё слова. У Новым Запавеце Ісус заклікае ўсіх сваіх вучняў, каб ніколі не зьвярталіся да прысягі. Нашае слова павінна быць настолькі праўдзівым, каб дастаткова было б даведацца пра нас, што мы хрысьціяне, каб не засумнявацца ў праўдзівасьці нашых слоў.

У штодзённым жыцьці, аднак, мы можам сустрэцца з сітуацыямі, у якіх ад нас патрабуюць прысягнуць. З урачыстай прысягай мы можам сустрэцца ў судзе ці ў парафіяльнай канцэлярыі. Парушэньне такой прысягі амаль заўсёды зьяўляецца цяжкім грахом.

Пяройдзем цяпер да трэцяй запаведзі

Трэцяя запаведзь у Бібліі, у Кніге Выхаду пададзена так: “АЛЕ ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СУБОТНІ, КАБ СЬВЯЦІЦЬ ЯГО...” (ВЫХ 20, 8). Бог стварыў сусьвет і чалавека. Ён ведаў, што чалавек зацікавіцца гэтым сьветам і будзе ім заняты так, што ня будзе мець часу, каб сустрэцца з Творцам. Вось чаму ад самага пачатку Ён паставіў умову: шэсьць дзён тваіх, а сёмы дзень мой – у гэты дзень Я прызначаю сустрэчу з табой.

Цікава, але гэта адзіная запаведзь, дзе Бог ужывае слова “памятай”. Госпад ведаў, што памятаць пра гэтую запаведзь будзе ня проста. Гэты сьвет накідвае нам свой рытм: рытм працы, тэлевізійных сэрыялаў, сустрэчаў з сябрамі, цікавых экскурсіяў, вакацыяў… Карацей, часу сапраўды няма. Шкада нават, што ў сутках толькі 24- ы гадзіны. “Я ня маю часу” – вось як часта мы гаворым і маем рацыю. Мы сапраўды ня маем часу. Час мае Бог.

Мы забываем пра тое, што менавіта Ён даў нам яго. Ён даў нам пры адной умове: “Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго...” (Вых 20, 8). Мы на Судзе павінны будзем даць справаздачу за той час, які мы тут мелі на зямлі. Цікава, ці будзе гэта дастатковым апраўданьнем для нас, што мы ня мелі часу на рэлігійнае жыцьцё, на нядзельную Літургію?

Жыцьцё ў рытме

Гэты сьвет накідвае нам свой рытм. У гэтым рытме лёгка загубіцца і забыць пра тое, што сапраўды для нас ёсьць важным. Вось чаму Каталіцкая Царква зьвяртае ўвагу на тое, што прысутнічаць на нядзельнай Імшы (Боскай Літургіі) ёсьць нашым абавязкам! Той хто дабраахвотна і без паважных прычынаў не прыходзіць на нядзельную Еўхарыстыю – цяжка грашыць.

Удзел у нядзельнай Літургіі – гэта не прыватная справа (“хачу пайду, хачу не пайду”). Таксама, як быць веруючым, католікам – справа публічная (нашая вера – не таямніца, кожны можа даведацца пра тое, што мы прыходзім у храм), гэтак жа ўдзел у нядзельнай Літургіі – гэта публічны выраз нашай веры. Колькі ж людзей можна сустрэць, якія кажуць: “Я католік, але ў касьцёл не хаджу...”. (Ды гэта ж тое самае, што сказаць, што кола квадратнае!)

Нядзельны ўдзел у Імшы, як бачым, мае грамадскае вымярэньне. Для веруючых нашых знаёмых мы даем дрэнны прыклад, а для няверуючых мы сьведчым, што вера – гэта не такая ўжо і важная рэч у жыцьці.

Але ж удзел у нядзельнай Імшы – ня павінен быць для нас проста цяжкім абавязкам! Ён павінен стацца для нас радасным прывілеем. Гэта ёсьць менавіта той момант, калі Госпад хоча падтрымаць нас сваёй ласкай, каб нам ісьці далей па жыцьці ў радасьці. Каб з сілай і энэргіяй пераадольваць цяжкасьці, якія нас напатыкаюць.

Мяркую, што большасьць з тых, хто мяне слухае, на сваім вопыце пераканалася ў слушнасьці таго, пра што распавядаю. Не памылюся, калі скажу, што з цягам часу, калі чалавек рэгулярна, кожную нядзелю прыходзіць на Еўхарыстыю, то ў пэўны момант больш не ўяўляе свайго жыцьця без Імшы ў нядзелю.

Пра наш адпачынак

У кантэксьце запаведзі пра сьвяткаваньне сьвятога дня, хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што зьвязана яна з адпачынкам. Бог клапоціцца пра наш адпачынак. Трэба зазначыць, што мы жывем у такія часы, калі людзі амаль зусім развучыліся адпачываць.

У нас ёсьць электрычнасьць і машыны. Дзякуючы ім можна працаваць і ў дзень, і ў начы. Людзі намагаюцца пасьпяваць за машынамі і, як вынік, забыліся, як павінен выглядаць адпачынак. Добра, хай Бог нічога не казаў, што ў начы працаваць нельга, але Ён ясна сказаў адносна сёмага дня...

Мы непаважна ставімся да адпачынку, вось чаму ў грамадстве столькі стрэсу, дэпрэсіяў, іншых псіхічных захворваньняў. Паважнае стаўленьне да адпачынку – гэта паважнае стаўленьне да чалавека. Адміністрацыя фірмы, якая клапоціцца пра адпачынак сваіх супрацоўнікаў, робіць толькі на карысьць сваёй фірме.

На жаль у нашым постсавецкім грамадстве, у якім усё яшчэ дзейнічае логіка марксіска-леніскай філасофіі, усё наадварот: працуй, пакуль жывы, далей...- твае праблемы, чалавек – гэта дробязь. Вось яна самая вялікая памылка камунізму – памылка антрапалагічная, як сказаў Ян Павел ІІ. Бог жа – паважна ставіцца да нашага адпачынку, і ня дзіва – Ён нас паважае і любіць. А мы сябе?

На гэтым я развітваюся з вамі. У эфіры была праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы а. Андрэй Буйніч. Вашыя водгукі і пытаньні дасылайце на эмэйл zsercam@gmail.com. Да хуткай сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.