2011-11-30 17:20:24

“Веру, ведаю, разумею”. Апрануцца ў панцыр справядлівасці (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб “зброі святла” – духоўных прыладах, аб якіх кажа апостал Павел напрыканцы свайго паслання да Эфесцаў і якія неабходны для поўнага хрысціянскага жыцця і ўзелу ў бітве з цёмнымі сіламі, што заўсёды атакуюць нашы сэрцы. Нагадаю, што ў разважаннях нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні.

У мінулай праграме мы пачалі разважанне над цытатай “апраніцеся ў панцыр справядлівасці”. Мы ўбачылі, што пасля першароднага граху чалавеку стала ўласціва заўсёды накрываць сваё цела рознымі відамі вопраткі. Часта мы спрабуем схаваць пад гэтай вопраткай нешта, чаго саромеемся, нашы недахопы і страхі. Часам такой вопраткай становяцца нашы паводзіны і ролі, якія мы пачынаем граць, каб адчуваць сябе больш бяспечна. Але ўся гэта вопратка з’яўляецца ненадзейнай. Яна не схавала Адама і Еву ад сораму і не схавала іх ад погляду Бога. Яна не захоўвае таксама ад нападаў сатаны. Для адчування поўнай бяспекі нам неабходны спецыяльны панцыр, у якім мы будзем адчуваць сябе надзейна і свабодна. Менавіта аб такім панцыры кажа апостал Павел.

Ітак. Мы падышлі да паняцця справялівасці, як формы абароны. Па-першае, трэба адзначыць, што паняцце справялівасці не прыйшло з хрысціянствам. Яно не нарадзілася 2000 гадоў таму, але з’яўляецца глыбока чалавечым. Сучаснае права грунтуецца на старажытным рымскім праве, якое з’явілася нашмат раней за хрысціянства. Сын Божы сышоў з неба і быў укрыжаваны не для таго, каб пазнаёміць нас з паняццем справядлівасці. Даць кожнаму тое, што ён заслугоўвае і такім чынам быць справядлівым – гэта тыпова чалавечая логіка. Езус Хрыстус прынёс нам іншую – вышэйшую і больш вялікую справядлівасць. Св. Павел кажа менавіта аб такой біблійнай справядлівасці.

Што ж гэта такое? У грэцкай мове справядлівасць разумелася як “адпаведнасць пэўнай норме”. Справядлівасць – гэта дакладная адпаведнасць праўдзе. Я справядлівы, калі з’яўляюся самім сабой. Не так страшна, калі іншы бачыць мяне не такім, якім я з’яўляюся на самой справе, колькі, калі я сам губляю маю адпаведнасць найбольш глыбокай праўдзе аб сабе самім.

Але, што значыць быць праўдзівым перад самім сабой? Што значыць адпавядаць норме? Справядлівы чалавек у Святым Пісанні, гэта той, хто знаходзіцца ў адзінстве з Богам. Нават! Часам здараецца так, што справядлівы чалавек, гэта той, хто не абавязкова прытрыліваецца ўсіх законаў, але знаходзіцца ў справядлівых адносінах з Богам. Мы можам узгадаць аб шматлікіх мучаніках ХХ ст., аб тысячах святароў і біскупаў, якія былі арыштаваныя ці забітыя. Яны паступова разумелі, што сапраўдная праблема не заключаецца ў знешнім насіллі. Самае галоўнае, чаго мы павінны бараніць – гэта нашы адносіны з Богам.

Такім чынам, мы бачым, што быць самім сабой і мець адносіны з Богам – гэта тое ж. Калі стаю перад абліччам Бога, разумею свае каштоўнасці, памылкі і місію. У Старым Запавеце добрым прыкладам справядлівага чалавека з’яўляецца Абрагам, які будучы разгубленным, звяртаецца да Бога і атрымлівае запавет – верыць. Вера Абрагама, старога чалавека, стала характарыстыкай якую шануюць многія народы і прадстаўнікі розных веравызнанняў. Верыць у Бога не азначае быць моцным, здольным усё рабіць найлепшым чынам, але верыць у моц Бога: цалкам аддацца ў Яго рукі. У гэтым заключалася справядлівасць Абрагама. Справядлівы аддае сваё жыццё ў рукі Бога і такім чынам становіцца свабодным.

Іншым прыкладам з’яўляецца Давід, які кідаўся ў бой без панцыра, але панцырам якога былі адносіны з Богам. Таксама і Езус не праклінаў сваіх ворагаў, але давяраў моцы Бога – моцы таго, хто судзіць справядліва.

Панцыр справядлівасці – гэта не унутранны бар’ер, які я стаўлю паміж сабой і іншымі, але жыццё з верай у любоў і Провід Божы. Быць у адносінах з Ім і такім чынам не мець патрэбу ў тым, каб апраўдвацца ці помсціць. Бог – гэта той, хто мяне абараняе.








All the contents on this site are copyrighted ©.