2011-11-30 13:37:35

Чакаецца афіцыйнае абвяшчэнне візіту Папы на Кубу і ў Мексіку


RealAudioMP3 Касцёлы на Кубе і ў Мексіцы чакаюць, што 12 снежня будзе афіцыйна абвешчана аб візіце Папы ў гэтыя дзве краіны вясной 2012 г. Кіраўнік Залі Друку кс. Фэдэрыка Ламбардзі пацвердзіў адпаведныя планы на прэс-канферэнцыі ў Беніне два тыдні таму. Пасол Мексікі пры Апостальскай Сталіцы Гектар Федэрыка сказаў сёння лацінаамерыканскім журналістам, што падчас св. Імшы з Папам 12 снежня ў базыліцы св. Пятра, на якой будуць прысутнічаць дзяржаўныя дзеячы і прадстаўнікі Касцёла Лацінскай Амерыкі, чакаецца афіцыйнае пацвярджэнне апостальскага падарожжа. У гэты дзень будзе адзначацца ўрачыстасць Маці Божай Гвадэлупскай і “200-годдзе незалежнасці Лацінскай Амерыкі”.

Мэтай візіту ў Мексіку, як чакаецца, стане горад Леон. Аб гэтым паведаміў арцыбіскуп Леонскі Хасэ Марцін Рабаго мексіканскай газеце “Milenio”. Ён пацвердзіў, што праз месяц сюды прыбудзе камісія з Ватыкана для правядзення абследавання і папярэдняга планавання. Візіт у Мексіку з’яўляецца прыярытэтным, бо гэта другая па велічыні пасля Бразіліі каталіцкая краіна ў свеце. Са 114 млн. мексіканцаў, 84% – 94 млн. з’яўляюцца католікамі.

У плане на вясну 2012 г. ёсць таксама Куба – візіт у якую адбудзецца верагодна па дарозе ў Мексіку. Амерыканская дыяцэзія Маямі, тэрыторыя якой прылягае да Кубы, абвясціла аб планах шматлікага ўдзелу сваіх вернікаў у мерапрыемствах, звязаных з візітам. “Калі Святы Айцец прыбудзе на Кубу, кубінскі народ з другой часткі фларыдскага праліва будзе таксама ўдзельнічаць у гэтым”, - заявіў арцыбіскуп Томас Вэнскі. Многія кубінцы хацелі б прымаць Папу разам са сваімі суайчыннікамі на Кубе. Іерарх заклікаў улады абедзвюх краін пераглядзець сваю палітыку адносна падарожжаў з краіны ў краіну. У цяперашні час з-за эмбарга ЗША на падарожжы на Кубу для амерыканцаў і кубінскіх эмігрантаў, гэта звязана з вялікімі бюракратычнымі працэдурамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.