Сёньня мы сканчваем разважаць пра Дэкалог. У гэтай перадачы я распавяду вам пра сёмую
і дзесятую запаведзі. Паколькі гэтыя запаведзі блізкія па сэнсу, то я і аб'яднаў іх
у адну перадачу.
У Старым Запавеце 7 і 10 запаведзі паданыя наступным чынам:
"Не крадзь" (Вых 20, 15) і "і не жадай дома бліжняга твайго, ні поля ягонага, ні раба
ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у
блізкага твайго" (Другі Закон 5, 21б).
Гэтыя запаведзі забараняюць забіраць,
ці затрымліваць няслушна дабро бліжняга і прычыняць шкоду, ягонаму дабру. Яны загадваюць
справядлівасьць і любоў тым, хто адказны за распараджэньне матэрыяльнымі дабротамі
і пладамі чалавечай працы. Гэтыя запаведзі бяруць пад увагу супольнае дабро, вымагаюць
ад нас паўсюднай пашаны да прыватнай уласнасьці. Гэтыя запаведзі заклікаюць, каб у
нашым хрысьціянскім жыцьці мы намагаліся скіроўваць даброты гэтага сьвету на пазнаньне
Бога і братэрскую любоў.
Прыватная і грамадская ўласнасьць
Бог
стварыў неба і зямлю, і ўсё багацьце зямлі, ды перадаў людзям. Усё, што створана –
было створана Богам для людзей і ў роўнай ступені належаць усім нам. Зьвярніце ўвагу,
што гэты тэзіс навукі Каталіцкай Царквы – пра паўсюднае прызначэньне дабротаў – нагадвае
нам здалёк навуку камуністычнай ідэалогіі. На простай мове пра гэтую навуку можна
сказаць так: "Всё вокруг колхозное – всё вокруг моё". А калі ўсё маё, гэта азначае,
што нечыё.
Падыход Каталіцкай Царквы зусім іншы – з таго факту, што зямныя
даброты належаць усім людзям, следуе навука пра ўласнасьць. Уласнасьць бывае двух
тыпаў: прыватная і грамадская. Прыватная ўласнасьць – маёмасьць, якая належыць да
асобы, грамадская – маёмасьць, якая належыць да грамады людзей.
Размеркаваньне
ўласнасьці і спосабы яе набыцьця
Жыцьцё паказвае нам, што нягледзечы на
тое, што мы ўсе роўнай ступені маем права на зямныя даброты, аднак уласнасьць падзелена
паміж людзьмі ня роўна. У сьвеце ёсьць багатыя і бедныя; людзі, якія маюць збытак
і людзі патрабуючыя. Па-чалавечаму, мы можам і павінны намагацца будаваць справядлівае
грамадства, дзе для кожнага будзе магчымасьць зарабіць для сябе неабходную ўласнасьць.
Айцец
Эдвард Станек у сваёй кніжцы "З клопатам пра сумленьне", да якой я ў гэтых разважаньнях
час ад часу зьвяртаюся, падкрэслівае, што вялікае багацьце і вялікая беднасьць – гэта
дзьве скрайнасьці. Занадта багаты чалавек можа лёгка зрабіцца нявольнікам свайго багацьця,
а бедны чалавек робіцца нявольнікам іншых людзей. Найлепшым выйсьцем з гэтых скрайнасьцяў
ёсьць шлях прыватнай маёмасьці, якая дае ўсё неабходнае чалавеку для нармальнага жыцьця
і чалавечай годнасьці. На гэтай дарозе нам дапамагаюць прынцыпы сфармуляваныя сацыяльнай
навукай Каталіцкай Царквы: умеркаваньне, салідарнасьць і справедлівасьць.
Сацыяльная
навука Каталіцкай Царквы
Каталіцкая Царква выносіць маральныя меркаваньні
ў эканамічных і сацыяльных сферах жыцьця, калі гэта патрабуецца для захаваньне чалавечай
годнасьці і сацыяльнай справедлівасьці. Царква клапоціцца пра часовыя аспекты агульнага
дабра ў той меры, паколькі яны падпарадкаваныя вышэйшаму Дабру, нашай канчатковай
мэце.
Сацыяльнае вучэньне пачало развівацца ў XIX стагодзьдзі... З таго часу
Царква выказвалася па розным сацыяльным пытаньням. Вось некаторыя прынцыпы (пра якія
я ўжо ўзгадаў), што былі сфармуляваныя, каб дапамагчы ўласьціваму разуменьню прыватнай
маёмасьці. Першы прынцып - Прынцып умеркаваньня, які падказвае нам назіраць за
сабою: ці ня стаўся я нявольнікам свайго багацьця.
Прынцып салідарнасьці падказвае
нам дзяліцца з тымі людзьмі, якія церпяць нястачу, а прынцып справедлівасьці дапамагае
вызначаць годную зарплату людзям за іх працу.
Ёсьць розныя спосабы здабыцьця
маёмасьці: можна ўзяць рэчы, якія нікому не належаць (прыклад – грыбы ў лесе), праца
(плён нашай працы – нашая ўласнасьць), атрыманьне спадчыны (або дару), купля-продаж.
Сацыяльная
навука Каталіцкай Царквы таксама падкрэслівае, што «кожная сістэма, якая зводзіць
людзей да ўзроўня звычайных інструментаў для атрыманьня прыбытку, зьнявольвае чалавека,
вядзе да пераўтварэньне грошаў у ідала, і садзейнічае распаўсюджваньню атэізму» (Катэхізм
Каталіцкай Царквы 2424).
Грахі супраць 7 і 10 запаведзяў
Вось грахі,
што парушаюць 7 і 10 запаведзі: крадзеж маёмасьці, хабар, спекуляцыя, карупцыя, дрэнна
выкананая праца, марнатраўства. Акрамя гэтага нежаданьне падзяліцца з беднымі сваімі
дабротамі, лішкам які маем, таксама зьяўляецца грахом. Вось як гаворыць аб гэтым Ян
Залатавусны: «Недапушчэньне бедных да ўдзелу ў сваіх уласных дабротах, азначае крадзеж
і адбіраньне жыцьця. Дабро, якое маем – ня нашае – належыць да ўбогіх».
Наступствы
граху крадзежу
Грэх крадзежу мае вельмі сур'ёзныя наступствы для асобы, якая
гэтым грахом грашыць. Перад усім грэх крадзежу нішчыць сумленьне чалавека. У выпадку
крадзежу, чалавек звычайна загадзьдзя абдумвае грэшны ўчынак, а таму робіць грэх сьвядома
і дабраахвотна. Арамя гэтага ўкрадзеная рэч недае чалавеку жыць спакойна: ён жыве
ў страху, што хтосьці зможа пазнаць рэч, ці даведацца пра яе, таму няможа ёй нават
свабодна карыстацца.
У вымярэньні грамадскім грэх крадзежу вядзе да таго, што
людзі губляюць давер да чалавека, які зьдзейсьніў грэшны ўчынак, а калі ў пэўным грамадстве
крадзежы зьяўляюцца распаўсюджанай зьявай, то ў такім грамадстве людзі губляюць давер
адзін да аднаго. У грамадскім вымярэньні, крадзеж вядзе да заняпаду краіны.
Быць
ці мець?
Ну вось, гэта былі некалькі думак пра сёмую і дзесятую запаведзі.
Напэўна ўсе пытаньні зьвязаныя з тэмай крадзяжу можна зьвесьці да пытаньня: «Быць
ці мець?». Калі гаворым «быць», то маем на ўвазе «быць шчаслівым». Людзі ж часта мяркуюць,
што будуць шчаслівымі, калі будуць мець як мага больш. Гэта памылка. Колькі б чалавек
ня меў багацьцяў, яны не заменяць яму сапраўднае багацьце, якім ёсьць Бог.
У
Евангельлі чытаем: «Дзе твой скарб, там будзе і тваё сэрца» (Мц 6, 21). У гэты час,
калі да вялікага сьвята Уваскрасеньня Нашага Госпада Ісуса Хрыста засталося ўжо ня
так шмат часу, варта скіраваць да сябе пытаньне: а дзе знаходзіцца мой скарб? ці месца
ў якім ён знаходзіцца годнае таго, каб у ім знаходзілася таксама маё сэрца?
На
гэтым, сябры, я развітваюся з вамі. У эфіры была перадача «З сэрцам у кантакце» і
я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. Вашыя пытаньні дасылайце на мэйл zsercam@gmail.com.
Да хуткай сустрэчы.