2011-11-30 17:36:13

Бэнэдыкт XVI: прыклад мучанікаў – гэта прыклад глыбока свабодных людзей


RealAudioMP3 30 лістапада Бэнэдыкт XVI скіраваў зварот да членаў XVI адкрытага пасяджэння Папскіх акадэмій, якое адбылося сёння ў Рыме. Арганізатарам мерапрыемства, якое прайшло на тэму “Сведчанні і сведкі. Месцы мучаніцтва і вялікія вернікі”, з’яўляюцца Папская Рымская акадэмія археалогіі і Папская акадэмія “Cultorum Martyrum”. Святы Айцец адзначыў, што тэма гэтага форума яму асабліва блізкая, бо дае магчымасць паразважаць аб гістарычнасці хрысціянства, яго сувязі з гісторыяй, якую яно перамяняе дзякуючы евангельскаму зачыну і святасці, якой жывуць і сведчаць вернікі.

Пантыфік адзначыў, што шматлікія даследванні ў сферы археалогіі, гісторыі мастацтва і архітэктуры, сведчаць аб тым, што Евангелле перадаецца праз жывое сведчанне вернікаў. “Абвяшчэнне хрысціянскай навіны, прыгажосці веры ў Хрыста, патрабуе людзей, якія сваёй жыццёвай пазіцыяй, вернасцю, сведчаннем, якое часам можа быць звязана з дарам саміх сябе, пакажуць абсалютнае першынства Любові над любой іншай інстанцыяй”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што “калі прыглядзецца да прыкладаў мучанікаў, адважных сведкаў старажытнага хрысціянства, а таксама шматлікіх сведкаў нашых часоў, у іх можна убачыць глыбока свабодных людзей: свабодных ад кампрамісаў і эгаістычных прывязанасцяў, свядомых важнасці і прыгажосці ўласнага жыцця, і менавіта таму здольных любіць Бога і братоў гераічна, ставячы перад сабой высокую планку хрысціянскай святасці”.

Святы Айцец адзначыў, што менавіта для таго, каб умацаваць тых, хто хоча спрыяць рэалізацыі новага хрысціянскага гуманізма, праз даследванні ў сферы археалогіі і гісторыі, ён падтрымлівае прапанову кааардынацыйнай рады Папскіх акадэмій адносна прысуджэння спецыяльнай прэміі Францішканскаму цэнтру вывучэння Бібліі ў Іерусаліме і даследчыцам Дарыі Мастрарылі і Цэцыліі Правэрбіо.








All the contents on this site are copyrighted ©.