2011-11-30 14:02:33

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі заклікаў да глыбокай і пастаяннай малітвы


RealAudioMP3 30 лістапада падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Залі Паўла VI у Ватыкане, Бэнэдыкт XVI паведаміў сабраных вернікаў, што наступныя некалькі катэхез будуць прысвечаны прыкладу малітвы Езуса. Папа адзначыў, што “малітва суправаджала Езуса на працягу ўсяго жыцця , як таямнічы канал, праз які Ён наталяў сваё існаванне, адносіны, жэсты, і які вёў Яго да поўнага дару з самаго сябе, згодна з планам любові Бога Айца”.

Святы Айцец звярнуў увагу на фрагмент Евангелля паводле св. Лукі, у якім гаворыцца аб хросце Езуса ад Яна Хрысціцеля. Пантыфік адзначыў, што часта ў вернікаў узнікае пытанне: навошта Езус прымаў хрост ад Яна Хрысціцеля? Тлумачачы, гэты біблійны урывак, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Езус прыйшоў да ракі Ярдан і тое ж пытанне Яна адказаў: “Бо так, належыць нам выканаць усё, што справядліва”.

“Сэнс слова “справядлівасць” у біблійным сэнсе заключаецца ў тым, каб упоўні прымаць волю Бога. Езус паказвае сваю блізасць да той часткі народа, якая наследуючы Хрысціцеля, прызнае, што недастаткова быць толькі сынамі Абрагама, але неабходна выконваць волю Айца Нябеснага. Гэта былі людзі, якія хацелі дзейнічаць так, каб іх уласныя паводзіны былі верным адказам на запавет прапанаваны Богам Абрагаму”.

Папа падкрэсліў, што Езус уваходзячы ў воды Ярдана, выразіў сваю салідарнасць з тымі, хто прызнае свае грахі, шкадуе за іх і змяняе сваё жыццё на жыццё паводле Бога. “У гэтым жэсце Хрыстус прымае крыж і дае пачатак сваёй дзейнасці, ставячы сябе на месца грэшнікаў”, - сказаў Святы Айцец. Пантыфік адзначыў, што голас Айца, які прагучаў з неба, з’яўляўся падцвярджэннем місіі, якую Сын Божы павінен быў выканаць. “У малітве, Езус пражывае пастаянны кантакт са сваім Айцом, неабходны для таго, каб рэалізаваць да канца яго праект любові адносна людзей”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа расказаў, што малітва пасля хросту ў Ярдане была натуральным працягам малітоўнага жыцця, якое вёў Езус на працягу амаль 30 гадоў. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўрыўкі з Евангелля, у якіх гаворыцца аб ахвяраванні маленькага Езуса, жыцці і выхаванні ў святым доме ў Назарэце, пілігрымках у Іерусалім і інш.

“У евангельскіх апавяданнях, асяродкі, у якіх моліцца Езус заўсёды звязаны ці з традыцыяй Яго народа ці навізной асабістых адносін з Богам. “Пустыннае месца”, куды Ён часта скіроўваецца, “гара” на якую уздымаецца для малітвы, “ноч”, якая дае магчымасць застацца ў адзіноце – усе гэтыя месцы звязаны з адкрыццём Бога, апісаным у Старым Запавеце і ўказваюць на працяг Яго збаўчага плана. У той жа час, яны сведчаць аб вялікай важнасці для Езуса, які свядома ўключаецца ў гэты план, цалкам верны волі Айца”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў нашай малітве мы таксама павінны навучыцца больш і больш уваходзіць у гісторыю збаўлення, абнаўляць перад абліччам Бога наша рашэнне адкрыцца на Яго волю, прасіць у Бога сілы для таго, каб злучаць нашу волю і волю Айца Нябеснага.

Святы Айцец падкрэсліў, што малітва суправаджала Хрыста на працягу усяго дня і ніякія заняткі ёй не перашкаджалі. “Евангеллі ўказваюць на тое, што Езус прысвячаў ёй таксама і ночы. Калі рашэнні з’яўляліся больш тэрміновымі і складанымі, Яго малітва становілася больш доўгай і інтэнсіўнай”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Гледзячы, на прыклад малітвы Езуса, у нас павінна ўзнікнуць пытанне: як молімся мы? Колькі часу прысвячаем адносінам з Богам? Ці дастаткова сёння задавальняючага навучання малітве? Хто можа быць настаўнікам у гэтай справе?”, - спытаў Папа. Святы Айцец адзначыў, што неабходна адкрыць для сябе важнасць чытання і разважання Святога Пісання і пастаяннай малітвы. “Кожны хрысціян пакліканы быць сведкам малітвы, менавіта таму, што наш свет часта закрыты на Боскія далягляды і надзею, якую нясе сустрэча з Богам”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пасля катэхезы Пантыфік заклікаў сабраных на аўдыенцыі вернікаў ў духоўным клімаце Адвэнта адкрыць для сябе блізасць з Хрыстом, прысвячаючы час больш глыбокай і пастаяннай малітве.








All the contents on this site are copyrighted ©.