2011-11-29 14:40:09

Рым: традыцыйная выстава “100 батлеек”


RealAudioMP3 Пры рымскім касцёле Санта Марыя дэль Пополо – у яго Брамантавай залі адкрылася традыцыйная выстава “100 батлеек”. Яна будзе праходзіць да 8 студзеня 2012 г. і сёлета прысвечана 150-годдзю аб’яднання Італіі. На гэты раз творы прыбылі толькі з Італіі. Батлейкі шырока выкарыстоўваліся ў Італіі яшчэ ў часы святога Францішка (XII ст.), які наглядна хацеў распавесці вернікам пра Нараджэнне Хрыста.

Прадстаўляючы выставу, генеральны вікарый Святога Айца для Дзяржавы Ватыкан кардынал Анжэло Камастры падкрэсліў, што выстава дэманструе мір і братэрства. “Урачыстасць Божага Нараджэння – нагода зноў быць аптымістамі, - адзначыў ён. - У грамадстве кансумізму(...), бэтлеемскі цуд уражвае сваёй актуальнасцю”. “Нараджаецца новае чалаецтва, - адзначыў іерарх. - Сведчанне таму – постаці адважных людзей: св. Францішка, Маці Тэрэзы ці Яна Паўла ІІ”.

180 арыгінальных экспанатаў, выкананых рознай тэхнікай і стылем з розных матэрыялаў паказваюць тыповую для Італіі традыцыю сустракаць Божае Нараджэнне батлейкамі ў сем’ях, парафіях, на плошчах вёсак і гарадоў. Побач з манументальнымі творамі, якія адлюстроўваюць урачыстасць, на выстаўцы можна ўбачыць і мініяцюрныя батлейкі са скарлупак грэцкага арэху ці макаронных вырабаў.

Старэйшая ў гісторыі батлейка – кампазіцыя Арнольфа дзі Камбіо (1240–1302 гг.) захоўваецца ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ. А першыя выявы сцэны Нараджэння Езуса Хрыста знойдзены ў рымскіх катакомбах сярэдзіны ІІІ ст. – перыяду пераследу хрысціян у Рымскай імперыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.