2011-11-29 12:02:58

Пленарная асамблея Папскай рады па справах сям’і


RealAudioMP3 29 лістапада ў Рыме пачала сваю працу юбілейная пленарная асамблея Папскай рады па справах сям’і. Яна прысвечана 30-годдзю публікацыі Апостальскай адгартацыі бл. Яна Паўла ІІ “Familiaris consortio” і заснавання гэтай ватыканскай дыкастэрыі. Да 1 снежня ўдзельнікі асамблеі будуць разважаць над тэмамі, якія закранае адгартацыя. У сваёй прамове да ўдзельнікаў старшыня Папскай рады па справах сям’і кардынал Эніо Антанэллі адзначыў, што Ян Павел ІІ надаў святло і моц сямейнаму душпастырству. У апошнім ажыццяўляецца пакліканне да любові – здольнасці і адказнасці любіць і быць разам. На думку кардынала Антанэллі, “будучыня евангелізацыі моцна залежыць ад дамашняга Касцёла”.

Цытуючы “Familiaris consortio”, дзе сказана, што сям’я базуецца на шлюбе паміж мужчынам і жанчынай і адкрыта на нараджэнне і адукацыю дзяцей, выключаючы пазашлюбныя сексуальныя адносіны, ватыканскі іерарх заўважыў, што “Касцёл падвяргаецца крытыцы галоўным чынам з-за свайго навучання адносна сексуальнасці”.

На яго думку, “любоў, у якой жаданне шчасця, сексуальнае захапленне, ахвяраванне сябе іншаму і міжперсанальнае адзінства гарманічна спалучаюцца, з’яўляецца сапраўдным адлюстраваннем Бога”. “Хрысціянская сям’я сёння з’яўляецца галоўным рэсурсам евангелізацыі”, - падкрэсліў кардынал Антанэллі. Заклікаючы ўдзельнікаў асамблеі Папскай рады па справах сям’і да плённай працы, іерарх падкрэсліў, што ў цэнтры форуму павінна знаходзіцца духоўнае жыццё асобы.








All the contents on this site are copyrighted ©.