2011-11-29 12:31:27

Люксембург: рэлігійнае вымярэнне міжкультурнага дыялогу


RealAudioMP3 28 лістапада ў Люксембургу пачалася сустрэча на тэму “Рэлігійнае вымярэнне ў міжкультурным дыялогу”, арганізатарам якой выступіў Савет Еўропы. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі розных рэлігій, няверуючыя, эксперты ў сферы культуры і СМІ, прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Падчас форума выступіў кс. прэлат Альда Джордано, пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы. Ён адзначыў, што ў сённяшні час немагчыма гаварыць аб гісторыі нейкага народу або яго культуры і ідэнтычнасці без спасылкі на рэлігійнае вымярэнне міжкультурнага дыялога. Ён таксама адзначыў важную ролю СМІ у такім дыялогу.

На яго думку, СМІ з аднаго боку спрыяюць лепшаму разуменню значэння рэлігіі і садзейнічаюць дыялогу. Сродкі інфармацыі з’яўляюцца найлепшым інструментам з дапамогай якога можна лепш знаёміцца, перадаваць ідэі і ўступаць у дыялог паміж людзьмі. З другога боку СМІ патрабуюць вялікай адказнасці. “Часта, калі не інфармуюць аб’ектыўна аб рэальнай сітуацыі ў свеце, калі прадстаўляюць яе аднабакова, як часта здараецца ў дачыненні да рэлігіі, СМІ могуць ствараць вялікія кантрасты”, - падкрэсліў кс. Альда Джордано.

Ён адзначыў, што СМІ павінны пісаць аб рэлігіях і ўзаемных адносінах паміж імі вельмі аб’ектыўна, пазбягаючы стэраэтыпаў і аднабаковасці, якія сёння могуць быць вельмі небяспечнымі. “Нам вельмі добра вядомыя факты і небяспечныя падзеі, да якіх СМІ часам правакуюць”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры Савеце Еўропы.

Сустрэча ў Люксембургу стала чацвёртай у шэрагу падобных форумаў, арганізаваных Саветам Еўропы.








All the contents on this site are copyrighted ©.