2011-11-29 16:38:38

"З сэрцам у кантакце". Цела і кроў


Не раз на старонках свайго блога я пісаў пра тое, якую ролю ў духоўным жыцці гуляе цела чалавека.

У асноўным гэта былі развагі, прывязаныя да псіхасаматычнага аспекту ісусавай малітвы. Сёння я хачу больш падрабязна паразважаць аб цялеснасці чалавека і пра тое, якое месца займае цела ў нашай малітве.

Катэхізісы пра цела

Навука Царквы бачыць цела чалавека пазітыўна, як яго інтэгральную і неад'емную частку. Целу заўсёды надавалася асаблівая ўвага на хрысціянскім Усходзе. Вельмі радасна было знайсці гэтаму пацвярджэнне таксама ў новым катэхезе УГКЦ "Хрыстос - наша Пасха".
Вось, што можна прачытаць у ім на гэтую тэму:

"Цялесная малітва здзяйсняецца праз вымаўленне слоў, малітоўныя жэсты і паставы цела. Да іх адносяцца: знак крыжа, паклоны, кленчанне, малітоўнае складанне рук і стаянне. З дапамогай гэтых дзеянняў цела чалавека таксама прымае ўдзел у малітве. Малітоўная пастава чалавека садзейнічае засяроджванню думак і іх узвышэнню да Бога. Цела павінна набыць вобраз той малітвы, да якой рыхтуюць душа. Напрыклад, калі мы праслаўляем Бога, то стаім, а калі вызнаем свае грахі і просім прабачэньня - становімся на калені" (Катэхізіс УГКЦ 802).

Не застаўся ў баку і рымска-каталіцкі катэхізіс "Youcat", спецыяльна падрыхтаваны для Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе, які неўзабаве хутка адбудзецца. І калі раней у Катэхізісе Каталіцкай Царквы было толькі ў агульных рысах згадана, што "цела ангажуецца ва ўнутраную малітву" (ККЦ 2703), то ў Youcat мы можам прачытаць больш канкрэтныя ўказанні адносна малітоўных поз і іх значэння для малітвы. Тут згадваюцца такія паставы цела, як пастава стоячы, седзячы, кленчачы, лежачы крыжом, стоячы са складзенымі рукамі і з узніманнем рук (пар. Youcat 486).

Памылка заходняга мыслення: "цела" - не інструмент!

Зрэшты, калі мы гаворым пра цела, то варта бачыць у ім значна больш, чым проста прыладў для выяўлення жэстамі нашых унутраных станаў. У нашым, заходнім мысленні, ня гледзячы на пазітыўнае бачанне чалавечай асобы, па-ранейшаму, дзесьці на ўзроўні падсвядомасці дзейнічае думка, выказаная Платонам: цела - гэта вязніца, магіла душы. Заходні чалавек не спасцігае сваё цела як частку свайго "я". Часцей за ўсё, калі ён думае пра сябе, пра сваё "я", то мае на ўвазе сваю "душу", "дух", інтэлектуальнае "ўсведамленне сябе" і г.д.
Такі падыход (японскі езуіт Какічы Кадавакі называе яго "ад розуму да сэрца") ёсць памылковы, ды і супярэчыць Святому Пісанню. У Бібліі адсутнічае характэрнае для грэцкай філасофіі падзел цела і душы! На прыклад, гэбраізм "плоць і кроў", які мы часта сустракаем у Бібліі, абазначае цэлага чалавека.

Апостал Павел нагадвае нам: "Ці ж ня ведаеце, што целы вашыя - гэта храм Святога Духа, Які жыве ў вас, і Якога маеце вы ад Бога, і вы не свае?" (1 Кар 6, 19). Няўжо дзеянне Святога Духа тычыцца толькі плоці? Калі мы адкінем падыход, які сцвярджае, што «цела» з'яўляецца толькі прыладай, інструментам душы, то сэнс слоў Апостала адкрываецца нам, і мы разумеем, што гаворка тут ідзе пра цэлага чалавеку.

Вось як інтэрпрэтуе гэтыя словы Святога Пісання айцец Какічы Кадавакі:

"Святы Дух, Дух Бога, напаўняе жыццём усё створанае і асвятляе самога чалавека. Св. Павел кажа, што Дух Святы знаходзіцца ўнутры нас, і моліцца Богу, звяртаючыся да яго: "Ойча" (Abba).Такім чынам, сцвярджэнне аб тым, што "цела" чалавека ёсць "храм Святога Духа", утрымлівае больш глыбокі сэнс: калі гучыць хрысціянская малітва, гэта не чалавек звяртаецца да Бога, але сам Бог, Святы Дух, гаворыць з Богам, з Айцом, і ўся нашая істота ўдзельнічае ў гэтым акце» (Какічы Кадавакі, "Дзэн і Біблія", з. 152).

У чым карысць такога падыходу?

Як бачым, дзякуючы таму, што мы абіраем шлях не "ад розуму да цела", але "ад цела да самасвядомасці» (пар. Какічы Кадавакі, "Дзэн і Біблія", с. 25) мы зможам пераадольваць дуальнасьць, навязаную нам думкай аб тым, што цела і душа знаходзяцца "па розныя бакі барыкадаў".

Калі мы пачынаем ісці дарогай "ад цела да свядомасці", то разумеем, наколькі хрысціянская аскеза і псіхасаматычныя практыкі ў малітве звязаныя з прагрэсам у нашым духоўным жыцці.

Такі падыход дапамагае нам здабыць сапраўды хрысціянскую цэласнасць. У святле такой навукі пра "целе=" зноўку адкрываюцца і набываюць каштоўнасць літургічныя знакі і царкоўны спеў, а наша вера становіцца неаддзельнай ад нашага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.