30-годдзе працы кардынала Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI у Ватыкане
Папа Бэнэдыкт XVI
адзначыў у мінулую пятніцу 30-годдзе сваёй працы ў Ватыкане. 25 лістападзе 1981 г.
арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі Ёзэф Ратцынгер быў прызначаны папам Янам Паўлам II
прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. Нямецкі іерарх стаў таксама асноўным тэалагічным
дарадцам благаслаўлёнага Папы. Перад Ратцынгерам у Рыме стаяла двайная задача. З аднаго
боку, ён павінен быў стаць захавальнікам веры, каталіцкай дактрыны, яе абаронцам ад
нападаў і фальшавання. З другога ж, ён стаў каардынатарам “пастаяннага тэалагічнага
абмену з цэнтрамі тэалагічнай думкі ва ўсім Касцёле” – што азначала “развіццё дыялогу
і абмену ў адзінстве веры”, - сказаў ён у 1982 г. падчас сваёй першай сустрэчы з журналістамі
ў Рыме.
Першым значным пытаннем, якое стаяла перад новым курыяльным кардыналам
было абмеркаванне тэалогіі вызвалення. У 1984 г. і 1986 г. былі выдадзены два дакументы,
у якіх быў вызначаны тэалагічны падыход “да пытання бедных”, і дадзена крытычная ацэнка
чужым для Касцёла мадэлям, асабліва марксізму.
Сярод першых задач кардынала
Ратцынгера была таксама гутарка з арцыбіскупам Марсэлем Лефэврам. У 1988 г., як вядома,
намаганні скончыліся няўдачай.
Як прэфект Кангрэгацыі іерарх узяў на сябе кіраўніцтва
Міжнароднай тэалагічнай камісіяй. Прэфект выступаў з лекцыямі па ўсім свеце і з’яўляўся
аўтарам кніг і тэалагічных прац. Вельмі хутка кардынал Ратцынгер, са сваімі тэалагічнымі
якасцямі і здольнасцю яснага аналізу сітуацыі, зарэкамендаваў сябе як адзін з вядучых
іерархаў Рымскай Курыі. Гэта вельмі паўплывала на тое, што 19 красавіка 2005 г. ён
быў абраны Папам.