2011-11-27 13:59:23

Бэнэдыкт XVI перад "Анёл Панскі": жыццё ў гарадах становіцца ўсё больш ананімным (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Падумаць аб сваім жыцці заклікаў сёння Бэнэдыкт XVI у першы дзень новага літургічнага году і Першую нядзелю Адвэнту. Як і кожную нядзелю, Святы Айцец сустрэўся 27 лістапада з вернікамі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане на малітве “Анёл Панскі”. Перад ёй Пантыфік скіраваў да прысутных свае разважанні.

"Сёння разам з усім Касцёлам, мы пачынаем новы літургічны год: - сказаў Папа - новы шлях веры, які мы павінны пражываць разам з хрысціянскай супольнасцю, але і – як заўсёды – прайсці ў рамках гісторыі свету, каб адкрыць яе на таямніцу Бога, на збаўленне, якое вынікае з Яго любові. Літургічны год пачынаецца Адвэнтам: надзвычайным часам, калі ў сэрцах абуджаецца чаканне вяртання Хрыста і ўспамін яго першага прышэсця, калі пазбавіў сябе ўсёй сваёй боскай хвалы, каб прыняць наша смяротнае цела.

“Чувайце!” – гэта заклік Езуса з сённяшняга Евангелля. Кіруе яго не толькі да сваіх вучняў, але і да ўсіх. “Чувайце!” (Мк 13, 37). Гэта збавенны заклік, які нагадвае нам, што жыццё мае не толькі часовае вымярэнне, але звернута да таго, што “над”, як маленькая расліна, якая выпускае парасткі і адкрываецца да неба. Расліна, якая думае – чалавек – надзелены свабодай і адказнасцю, дзякуючы чаму кожны з нас будзе закліканы да адказу за тое, як жыў, як выкарыстаў свае здольнасці: захаваў іх для сябе, ці дазволіў аддаць іх на карысць сваіх братоў і сясцёр.

Таксама Ісая – прарок Адвэнту – прымушае нас задумацца з дапамогай адпаведнай малітвы, звернутай да Бога ад імя людзей. Прызнае недахопы свайго народа і піша: “І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё, хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе; Бо Ты закрыў перад намі аблічча сваё і пакінуў нас гінуць ад правінаў нашых” (Іс 64, 6). Як можа заставіць нас абыякавымі гэтае апісанне? Здаецца, што яно адлюстроўвае пэўныя вобразы постмадэрнісцкага свету: гарадоў, дзе жыццё становіцца ананімным і мае гарызантальны памер, у якім Бог адсутнічае, а чалавек становіцца адзіным гаспадаром, як быццам бы ён быў заснавальнікам і рэжысёрам ўсяго: будынкі, праца, гаспадарка, транспарт, навука, тэхніка – усё, здаецца, залежыць выключна ад чалавека. Але часам у гэтым свеце, які, здаецца, амаль ідэальным, ёсць рэчы, якія руйнуюць адно ці другое ў прыродзе або ў грамадстве, настолькі, што мы пачынаем думаць, што Бог адступіў, учыніў так – калі можна так сказаць – што мы засталіся адны.

На самой справе, сапраўдным “гаспадаром” свету не з’яўляецца чалавек, ім ёсць Бог. Евангелле кажа: “Чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана” (Мк 13, 35-36). Час Адвэнту прыходзіць кожны год, каб нагадаць нам гэта, каб наша жыццё знайшло сваю належную арыентацыю да аблічча Бога. Аблічча не “гаспадара”, але Айца і Сябра. Разам з Паннай Марыяй, якая вядзе нас дарогай Адвэнту, будзем атаясамлівацца са словамі прарока: “Пане, Ты – Айцец наш, Мы – гліна, а Ты – наш ганчар” (Іс 64, 7).







All the contents on this site are copyrighted ©.