2011-11-27 12:21:31

Бэнэдыкт XVI: музыка – гэта ўніверсальная мова


RealAudioMP3 На значэнне музыкі, якая з’яўляецца “універсальнай мовай”, што дазваляе перайсці межы і ўвайсці ў свет іншага чалавека, а нават узняць розум і сэрца да Бога, звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI, падзякаваўшы за канцэрт у свой гонар, падараваны ўладамі Астурыі ў Іспаніі. Ён адбыўся 26 лістапада ўвечары ў Зале Паўла VI. Тут выступіў Сімфанічны аркестр Княства Астурыя пад кіраўніцтвам Максіміліяна Вальдэса.

Святы Айцец адзначыў, што хоць канцэрт складаўся з твораў кампазітараў розных нацыянальнасцяў – іспанцаў: Мануэля дэ Фаллі, Ісаака Альбеніса, немца: Рыхарда Штраўса, рускага: Мікалая Рымскага-Корсакава – іх аб’ядноўвае іспанскі дух, які выражаецца ў радасці жыцця. У дадатак да гэтага матыву, у творы “Іспанскае капрыччыо” Рымскага-Корсакава разам з народнымі спевамі і танцамі прысутнічаюць папулярныя рэлігійныя песні. Гэта старажытная астурыйская малітва, у якой заключана просьба да Панны Марыі і св. Пятра аб абароне, а таксама фрагмент, у якім узнікае цыганская песня ў гонар Панны Марыі.

“Гэта цуды, якія здзяйсняе музыка – універсальная мова, якая дазваляе нам пераадолець усе межы і ўвайсці ў свет іншага чалавека, у свет іншага народу, культуры”, - адзначыў Святы Айцец. Ён дадаў, што музыка “дазваляе нам узнесці розум і сэрца нават да Іншага”, “узнесціся ў свет Бога”.







All the contents on this site are copyrighted ©.