2011-11-27 12:47:18

Аўстрыя: католікі, праваслаўныя і юдэі разам аб вартасці сям’і


RealAudioMP3 Католікі, праваслаўныя і юдэі возьмуць удзел у еўрапейскай канферэнцыі “Крызіс сям’і”, якая пройдзе ў Вене з 5 па 7 снежня. Міжрэлігійная канферэнцыя аб становішчы сям’і ў еўрапейскіх краінах адбудзецца па ініцыятыве заснавальніка фонду “Заклік сумлення” (Appeal of Conscience Foundation) рабіна Артура Шнэйера. У рамках канферэнцыі пройдуць сесіі на тэму: “Сям’я і рэлігійныя супольнасці”, “Сямейнае заканадаўства ў Еўропе”, “Сексуальная этыка”, “Бацькі і дзеці”. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць становішча інстытута шлюбу ў постмадэрнісцкім грамадстве, кантроль нараджальнасці і аборты, тэму шлюбу ў мас-медыя і новыя магчымасці перадачы рэлігійных традыцый дзецям з дапамогай Інтэрнэту.

На чале каталіцкай дэлегацыі стане арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонборн, дэлегацыю Рускай Праваслаўнай Царквы ўзначаліць старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён, іудзейскую – галоўны рабін Масквы, кіраўнік Еўрапейскай канферэнцыі рабінаў, Пінхас Гольдшмідт.

Падчас працы канферэнцыі ўдзельнікі сустрэнуцца з Прэзідэнтам Аўстрыі Хайнцам Фішэрам і Канцлерам Вернерам Файманнам. Па словах рабіна Гольдшмідта, у сустрэчы прымуць удзел парламентарыі з розных краін Еўропы і члены Еўрапейскага Парламента.







All the contents on this site are copyrighted ©.