2011-11-26 12:51:07

Кс. Ламбардзі ў “Octava Dies”: Дзве брамы Афрыкі


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі нагадаў, што перад падпісаннем Апостальскай адгартацыі “Africae munus” у бенінскім Уіда Бэнэдыкт ХVI узгадаў аб двух брамах, якія знаходзяцца непадалёк ад катэдральнага касцёла гэтага горада на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. Святы Айцец сказаў: “Касцёл у Афрыцы пакліканы спрыяць міру і справядлівасці. Гэтыя дзве брамы нагадваюць Касцёлу аб яго абвязках і з’яўляюцца стымулам у змаганні з усімі формамі нявольніцтва”. Дырэктар Ватыканскага радыё патлумачыў, што “Брама, ад якой няма звароту” гэта тая, праз якую праходзілі рабы перад пагрузкай на нявольніцкія судны, што было знакам канчатковай страты чалавечай годнасці.

Іншая “Брама надзеі”, пабудаваная пазней католікамі побач са старой, нагадвае аб тым, што на тое ж убярэжжа прыбылі прапаведнікі Евангелля збаўлення, якое адсюль пачало распаўсюджвацца па заходняй Афрыцы”, - звярнуў увагу кс. Ламбардзі. Ён адзначыў, што гэта два бакі гісторыі афрыканскага кантынента: цёмны і светлы; зло і надзея.

Кіраўнік Залі Друку звярнуў увагу на тое, што шматлікія журналісты падчас падарожжа Папы ў Бенін пісалі аб тым, што сёння не існуе так поўнага і яснага дакумента аб сітуацыі і праблемах афрыканскага кантынента як Апостальская адгартацыя “Africae munus”. “Яна робіць вялікае ўражанне сваім рэалізмам і павагай да годнасці народаў Афрыкі”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі. Ён адзначыў, што гэты дакумент нарадзіўся як плён прац ІІ Сінода Біскупаў Афрыкі і з’яўляецца ўніверсальным і сапраўдым адлюстроўваннем праблем кантынента, у ім вызначаны накірункі дзейнасці Касцёла на будучыню.

“Папа, намеснік Хрыста на зямлі, з’яўляецца духоўным кіраўніком католікаў Афрыкі і сваім падарожжам прынёс ім вялікую надзею”, - падкрэсліў дырэктар Ватыканскага радыё ў сваё рубрыцы “Octava Dies” і адзначыў, што гэта моцна пацвярджае сардэчны прыём, які аказалі Святому Айцу жыхары Беніна. “Нездарма Бэнэдыкт ХVI глядзіць на Афрыку як на “духоўныя лёгкія” чалавецтва”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.