2011-11-25 13:12:31

План мерапрыемстваў з удзелам Папы на бліжэйшыя месяцы


RealAudioMP3 Заля Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала план мерапрыемстваў і літургічных цэлебрацый, у якіх прыме ўдзел Бэнэдыкт XVI на працягу бліжэйшых двух месяцаў. 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Пантыфік здзейсніць традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай, якая знаходзіцца на Іспанскай плошчы ў Рыме. 11 снежня Папа наведае з Пастырскім візітам рымскую парафію “Санта Марыя дэла Грацыя”, а на наступны дзень узначаліць св. Імшу ў інтэнцыі Лацінскай Амерыкі, якая пройдзе у базыліцы св. Пятра з нагоды успаміну Маці Божай Гвадэлупскай. Акрамя таго, 15 снежня Святы Айцец адправіць першыя нешпары разам са студэнтамі і супрацоўнікамі Папскіх універсітэтаў Рыма.

24 снежня, у Ватыканскай базыліцы Бэнэдыкт XVI узначаліць урачыстую Вігілійную св. Імшу, а ва ўрачысцасць Божага Нараджэння традыцыйна звернецца да вернікаў з пасланнем “Urbi et Orbi” (“Гораду і свету”). Вечарам 31 снежня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, Бэнэдыкт XVI прыме ўдзел у першых нешпарах у падзяку за пражыты год.

6 студзеня Пантыфік узначаліць св. Імшу ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, а ў нядзелю, 8 студзеня, удзеліць сакрамэнт хросту некаторым дзецям.








All the contents on this site are copyrighted ©.