2011-11-25 11:32:37

"З сэрцам у кантакце". Apatheia


RealAudioMP3 Сёння хачу распавечьці вам пра паняцце вельмі важнае для духоўнага жыцця, якое акрэсліваецца грэцкім тэрмінам apatheia і ў гэтым мне дапамагае кніга кардынала Томаша Шпідліка «Мастацтва ачышчэння сэрца».

Дык вось, Apatheia не азначае апатыі ў сучасным разуменні гэтага слова, але азначае неўражлівасць на зло. Такі стан быў вельмі важным для хрысьціянскіх аскетаў на Ўсходзе.

Пра паходжанне слова apatheia

Гэты тэрмін мае стоіцкае паходжанне, менавіта таму сёння яшчэ гаворыцца аб “стаічным спакоі”. У Одах Гарацыя чытаем: “Захавай супакой духа, як у турботах, гэтак і ў шчасьці!”. Гэты супакой духа паводле стоікаў з’яўляецца самім вялікім шчасцем чалавека. Як жа яго асягнуць? Хрысціянскія духоўныя настаўнікі кажуць, што трэба вучыцца перамагаць благія думкі. Стоікі ж звяртаюць увагу асбліва на апошнюю стадыю пранікання зла да сэрца чалавека – на страсць.

Страсць па грэцку называецца pathos. Запярэчванне выражаецца ў грэцкай мове пры дапамозе прыстаўкі “а”; такім чынам пры злучэнні прыстаўкі ды назоўніка ўзнікае тэрмін apatheia, які ўжываецца на акрэсленне стану чалавека, які пазбыўся жарсцяў і ёсць “паза ўсялякім страхам, сумам, пажадлівасцю і раскошай” (Эпіктэт), ці інакш можна сказаць – стаў «бязстрасным».

Чатыры падставовыя страсці

Страсць ёсць учуцёвым рухам прыцягвання або адпіхвання ў дачыненні да прадмету страсці. Вось жа, напрыклад, гаворыцца, што хтосьці ёсць “страсным гульцом у карты”, што “малады чалавек ахоплены страсным каханнем”. Ужо з гэтых некалькіх прыкладаў вынікае, што існуе шмат гатункаў страсці. Усе яны ўносяць разлад у стан духа і абмяжоўваюць нашу свабоду.

Стоікі выдзелілі для аналізу “чатыры падставовыя страсці”: сум, страх, роскаш і пажадлівасць. Іх можна параўнаць з чатырма сварлівымі жанчынамі, што жывуць у адным доме. Ня будзе ў ім супакою, пакуль адтуль ня будуць выгнаныя.

Ці можна і ці трэба пазбавіцца ўсіх страсцяў?

Калі ўсходнія хрысціяне пачалі ўжываць тэрмін apatheia, каб выразіць ідэал унутранага супакою, то гэта стала прадметам суворай крытыкі з боку святога Іераніма. Ён крытыкуе ў гэтых аўтараў жаданне перарабіць чалавека ў анёла, або ў камень пазбаўлены пачуццяў.

Анёлы аднак, як і Бог, ня могуць адчуваць пачуццёвых узрушэнняў, паколькі яны звязаны з целам. Інакш ёсць з чалавекам, які ня можа жыць без адчування цягі пачуццяў, паколькі быў бы тады або неўражлівы як камень, або хворы. Ці ж ня ёсць натуральным адчуванне голаду і прагнення, цягі да гульні і кахання? Не знаходзячы ў вышэйзгаданых рэчах нічога дрэннага, схаластычныя аўтары адкідаюць apatheia.

Каб унікнуць недарэчнасцяў, трэба перад усім акрэсліць, што разумеецца усходнімі і заходнімі аўтарамі праз “страсць”. Для ўсходніх аўтараў азначае яна схільнасць да зла. Такое разуменне патрабуе ад нас падобныя “страсці” у сабе нішчыць і ачысціць ад іх нашае сэрца.

Інакш пішуць пра гэта заходнія аўтары. Яны “страсцю” называюць усялякую цягу учуццяў, ці да добрага, ці да злога. Таму яны адрозніваюць страсці “упарадкаваныя” ад “неўпарадкаваных”. У выніку аснаваннем для дасканаласці ёсць не выкараненне або знішчэнне страсцяў, але адзінае тое, каб узяць страсці пад кантроль, упарадкаваць іх.

Пра «бязстраснага» чалавека

Apatheia, ня ёсць адсутнасцю цярпення, ці ўражлівасці. Дэлікатнасць прыродных пачуццяў – пазытыўная вартасць. Нельга рабіць выгляд, што дасканалы чалавек гэта той, што свабодны ад “помыслаў”, злых думак. Да яго таксама патрапляюць злыя думакі. Аднак – як кажа Евагрый – яны “ўжо яго не ўзрушаюць”, не з’яўляюцца для яго небяспечнымі. Ці можна сказаць, што такі чалавек ужо бязгрэшны?

Калі б мы адказалі на гэтае пытанне “так”, то напэўна б перабольшылі. Адам зграшыў нават у раю. Выбар паміж дабром і злом застаецца заўсёды свабодным. Для чалавека аднак, які асягнуў apatheia, выбар дабра ёсць лёгкі і радасны, ён можа быць параўнаны з сілай чыстай душы.

Моцныя хлопцы радуюцца, калі могуць перамагчы слабейшых супраціўнікаў і смяюцца, калі бываюць атакаваныя. Свабодны чалавек перад абліччам благіх думак, якія прыходзяць яму ў голаву, адчувае падобную радасць. Ён смяецца з гэтых думак, не баіцца, што з-за іх будзе мець разлад. Тлумачачы гэту ўнутраную сілу Ян Лесвечнік называе apatheia “уваскрасеннем душы, якое надыходзіць яшчэ раней чым уваскрасенне целаў”.

Apatheia і любоў (caritas)

Будучы далёкай ад неўражлівасці трупа apatheia, хрысціянская няўражлівасць, хутчэй з’яўляецца “паглынаючым агнём”, боскім агнём у сэрцы, які паліць, як толькі паяўляецца, усе спакусы. Вось вымоўны прыклад, які да нас дайшоў дзякуючы святому Яфрэму. Ён кажа так: калі суп гарачы, ніводная муха ня можа да яго наблізіцца, мухі падаюць у яго толькі тады, калі астыне; таксама сэрца, якое палае Божай любоўю, знішчае думкі, якія яму супраціўляюцца.

“Калі любім Бога шчыра, сама наша любоў адганяе благія думкі” – кажа святы Максім Вызнаўца. Гэтая любоў яднае ўсе сілы чалавека пад кірункам Святога Духа. Паводле Ўладзіміра Лоскага, ідэал «бязстраснасці» быў здзейснены ў Багародзіце Дзеве Марыі, якая “аб’яўляе поўню святасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.