2011-11-25 17:20:32

"Веру, ведаю, разумею". Плёны Святога Духа. Супакой (ІІ)


Мы працягваем разважанні аб плёнах Святога Духа, у якіх нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні. У мінулай праграме мы пачалі размову аб плёне супакою. Мы убачылі, што Езус робіць супрацьпастаўленне паміж супакоем, які дае свет і Яго супакоем – супакоем які паходзіць ад святога Духа. Кс. Фабіо, патлумачыў, што зямны супакой заключаецца ў тым, каб не мець канфліктных сітуацый і праблем. Свет дае супакой праз стварэнне такіх сітуацыі, у якіх няма канфліктаў. Супакой, які паходзіць ад Езуса іншы – гэта не сітуацыя мне дае супакой, не дзеі мне даюць супакой. У гэтым была навіна, якую прынёс Хрыстус.

Хрыстус сам з’яўляецца нашым супакоем. Ён не кажа – дам вам супакой ў той ці іншай сітуацыі. Але кажа, што дасць нам іншы супакой. Хрыстус дае супакой крыніцай якога з’яўляецца яго дар. Каб зразумець лепш гэта, кс. Фабіо прыводзіць такі прыклад:

Я знаходжуся ў цяжкай, канфліктнай сітуацыі – ва ўмовах знешняга ціску. Калі супакой мне дае свет – я не змагу яго адшукаць, бо не ў стане змяніць сітуацыю ці сітуацыя не змяняецца сама. Калі супакой мне дае Хрыстус, я магу яго знайсці нават ў канфліктнай сітуацыі, не мірнай ў адносінах да мяне.

Сёння існуе шмат людзей пацыфістаў – але людзей супакою вельмі мала. Супакой – гэта рэч унутраная і вельмі асабістая, якая пераўзыходзіць усе абмежаванні. Супакой з’яўляецца плёнам глыбокіх унутраных адносін з Хрыстом – Ён, як кажа апостал Павел – наш супакой. У пасланне да Эфесцаў апостал кажа: “Ён – наш супакой, які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну паміж імі, варожасць, Сваім Целам”.

Канфлікт – гэта заўсёды супрацьстаянне, сцяна, разлучэнне, якое ўзнікае паміж двума асобамі, ці групамі людзей. Хто з нас зруйнуе сцяну? Я чакаю, што іншы зробіць што-небудзь. Маю сцяну унутры сябе. Калі я хачу змагацца – магу змагацца заўсёды. Калі хачу быць у канфлікце з кім-небудзь – заўсёды знайду прычыну быць у канфлікце. Калі хачу наракаць – заўсёды знайду прычыну, каб наракаць. Калі хачу, заўсёды ўзгадваць аб перанесеных прыніжэннях і крыўдах – буду заўсёды аб іх памятаць.

Але адзін з псальмаў кажа: “Шукай супакой і ідзі за ім”. Шукаць супакой. Калі хачу знайсці прычыну, каб быць у канфлікце з бліжнім – заўсёды знайду прычыну. Калі хачу знайсці прычыну, каб быць у супакоі з іншым – таксама заўсёды знайду яе. Заўсёды існуе шлях да супакою. Хрыстус, знайшоў супакой нават ў сітуацыі калі, стаў аб’ектам гвалтоўных дзеянняў, які вялі да смерці. Чалавек, у адносінах да Хрыста, выбраў агрэсіўную, канфліктную пазіцыю, а Хрыстус выбраў пазіцыю супакою.

Супакой – заўсёды магчымы. Гэта не дэвіз міжнароднай арганізацыі. Гэта глыбокае правіла для нашых сэрцаў. Знаць, што у любой сітуацыі існуе прычына для таго, каб знайсці супакой. Ітак. Хрысціянскі супакой дае нам магчымасць заставацца спакойным нават у цяжкіх сітуацыях.

Аднак ў такіх адносінах да супакою, можа таксама хавацца небяспеца, якая звязана з нашым індывідуалізмам. Кс. Фабіо, называе такі супакой – “нью эйдж” супакоем – вельмі модным і распаўсюджаным у сучаснай культуры. Напрыклад, калі ў нейкай канкрэтнай канфліктнай сітуацыі, я знаходзуся ў супакоі, а іншыя вакол мяне не. Але мяне гэта не цікавіць – важна што я спакойны. Індывідуалістычны супакой – нясе ў сябе духоўную рызыку, бо гэты супакой не памятае сваіх карнёў. Нават духоўна, я магу імкнуцца да такіх адносінаў з Хрыстом, пры якіх я магу заставацца ў супакоі. Але фундамент такога імкнення можа быць абсалютна эгаістычным.

Яго прычынай можа стаць траўма, атрыманая ў адносінах з іншымі. Супакой не можа быць поўным, дасканалым калі, у ён не ахоплівае усю маю сутнасць. Сутнасць чалавечай асобы сацыяльная – яна ўключае ў сябе адносіны з іншымі. Быць у супакоі – гэта мая пазіцыя ў адносінах да іншага. Не той, чалавек, знаходзіцца ў супакоі, хто спакойна рэагуе на крытыку, але той, хто вельмі адкрыты, вялікадушны да таго, хто яго ненавідзіць. Гэта не азначае, быць абыякавым да ворагаў, але Хрыстус нам кажа любіць іх. Дар такой любові паходзіць ад Святога Духа, які сам з’яўляецца любоўю.

У нас усіх ёсць жаданне супакою – каб ніхто мяне турбаваў са сваімі патрэбамі, каб ніхто мяне ні аб чым не прасіў, каб не трэба было ісці плаціць за кватэру, каб не трэба было весці дзяцей невядома куды і г.д. Але супакой, якога мы шукаем, гэта не супакой, гэта адсутнасць адносінаў – гэта смерць. Супакой, які дае Хрыстус – гэта супакой у адносінах з іншымі, наша здольнасць быць разам з іншымі. Гэтаму нас вучыць Хрыстус, гэтаму нас вучыць Святы Дух.

Узгадайце аб Пяцідзесятніцы. Калі мы размаўляем ад плёнах Святога Духа – паглядзім на Святога Духа. Гэтыя людзі... вучні Хрыста.... закрытыя ў турме уласных страхаў... калі выйшлі былі здольнымі размаўляць з іншымі, быць разам з іншымі. Супакой, які мне дае Хрыстус – гэта здольнасць размаўляць з тымі хто стаіць побач са мной. Гэта мая здольнасць, пакінуць маю ахвяру і пайсці, каб прымірыцца з маім бліжнім, як нас вучыць Евангелле. Супакой – гэта пошук адносінаў. Хрыстус – наш супакой. Ён ахвяраваў сваім целам, для таго, каб прымірыць людзей, каб разбурыць сцяну, якая існуе паміж імі.









All the contents on this site are copyrighted ©.