2011-11-25 17:12:29

"Веру, ведаю, разумею". Плёны Святога Духа. Лагоднасць


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем разважанні аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіо Расіні. У мінулых праграмах мы пазнаёміліся з першым плёнам Святога Духа – “валоданнем сабой”. Сёння мы пачнем нашу размову аб другім плёне, які апостал Павел у 5 главе Паслання да Галатаў называе “лагоднасцю”.

На пачатку, нам неабходна зразумець, што азначае слова “лагоднасць”. Па грэцку яно гучыць як “праюс”, што азначае “слодыч”. Але ў рэальнасці можа азначаць “адсутнасць насілля”. Перад намі паўстае спакуса адразу падумаць аб цывілізаваным, выхаваным, гарадскім чалавеку. Але сэнс гэтага слова не ў гэтым. Неабходна падумаць аб “лагоднасці”, як аб дары Святога Духа – г.зн., зразумець, што Святы Дух уваходзіць у чалавека і стварае ў ім гэту характарыстыку. Але што гэта за характарыстыка?

На пачатку, кс. Фабіо адзначае, што гэты тэрмін выкарыстоўваецца ў Старым Запавеце, для таго, каб патлумачыць іншы тэрмін, які падаецца абсалютна адрозным і недарэчным – “беднасць”. Здаецца не лагічна – бедны, што з’яўляецца лагодным. Узнікае пытанне – чаму бедны павінен быць лагодным? Хутчэй можна падумаць, што бедны чалавек, гэта чалавек узрушаны, азлоблены, але ніяк не лагодны.

Як можна зразумець, ці чалавек з’яўляецца лагодным? Калі бачым чалавека на вуліцы, як можна ўзнаць – лагодны ён ці не? Існуе вельмі простая і элементарная сістэма – трэба яго атакаваць, справакаваць, каб паглядзець, як ён будзе рэагаваць. Аднойчы св. Філіпа Нэры папрасілі праверыць святасць пэўнай законніцы. Яна была вядома ўсім, як сапраўдная святая. Св. Філіп, калі прыйшоў да яе, запланаваў выліць на яе валасы стакан вады. Ён пастукаў у дзверы і калі тая адкрыла, св. Філіп выпрыснуў ёй у твар поўны стакан вады. Законніца раззлавалася і выказала ўсё, што думае аб ім. Тады св. Філіп зразумеў, што не можа быць і размовы аб святасці гэтай манахіні. Неабходна закрануць людзей, каб убачыць тое, што яны маюць унутры. Знешне мы ўсе вельмі добрыя, сімпатычныя, лагодныя, адкрытыя. Але ў момант выпрабавання хто ведае, як будзем сябе весці сябе? Такім чынам, “лагоднасць”, гэта характарыстыка, якую нельга ўбачыць з першага позірку. Трэба глядзець глыбей.

Лагоднасць раскрываецца ў канфліктнай сітуацыі. Яна праяўляецца ў стане канфлікту інтарэсаў, агрэсіўнасці. Лагодны рэагуе са спакоем на праявы гвалту ў адносінах да сябе.

Для таго, каб лепш зразумець значэнне паняцця “лагоднасць”, кс. Фабіо прапаноўвае прачытаць урывак з благаслаўленняў, апісаных у Евангеллі св. Мацвея: “шчаслівыя лагодныя сэрцам – бо атрымаюць зямлю ў спадчыну”. У гэтым Евангеллі таксама ёсць словы, якія акрэсліваюць характар Хрыста: “навучыцеся ад мяне, бо я ціхі і лагодны сэрцам”. Вельмі мала сказана ў Евангеллях аб сэрцы Хрыста, аб яго характарыстыках, таму гэтыя словы маюць вельмі важнае значэнне. Езус Хрыстус быў лагодным.

Аднак існуе небяспека пераблытаць лагоднага чалавека з чалавекам- канфармістам, са слабым чалавекам, які не можа даць адказ на гвалт і таму выбірае пасіўнасць і маўчанне. Гэта недахоп адвагі, асаблівасць характара і таксама памылковае разуменне лагоднасці. Езус казаў: “шчаслівя лагодныя, бо атрымаюць зямлю ў спадчыну”. Ітак, мы маем зямлю, спадчыну, лагоднасць. Якія адносіны паміж імі? Якім чынам зямля – аб’ект за які вядуць войны, становіцца спадчынай тых, хто не ваюе? Звычайна, канфлікт пачынаецца за пэўную тэрыторыю. Тэрыторыі могуць быць розных тыпаў: улада, прэстыж, тэрыторыі фізічныя і духоўныя, меркаванні, поспехі і многія іншыя. Звычайна тыя, хто зававаёўваюць тэрыторыю з’яўляюцца агрэсіўнымі і гвалтоўнымі. Якім чынам лагодны можа атрымаць гэтую зямлю?

Ітак. Лагоднасць не з’яўляецца адсутнасцю адвагі з аднаго боку і вынікам працы над уласнай дабрынёй і слодычу з іншага. Лагоднасць, як і плён Святога Духа, аб якім мы разваўлялі ў мінулай праграме “валоданне сабой”, з’яўляецца плёнам пэўных адносінаў – адносінаў з Хрыстом.

Лагоднасць гэта характарыстыка, якая таксама патрабуе адвагі, сілы і ў некаторым сэнсе пэўнай агрэсіўнасці, але іншага тыпу. Гэта плён Святога Духа, а не толькі праца над чалавечымі якасцямі.

Кс. Фабіо нагадвае, што зямля гэта сімвалічная мэта кожнай бітвы. Бітвы і канфлікты ўзнікаюць за аб’екты. Лагодныя наследуюць гэтую зямлю. Сёння мы разумеем спадчыну, як нешта, што нам пераходзіць пасля смерці блізкага чалавека. У Святым Пісанні яна мае больш шырокае значэнне. Спадчына, гэта кавалак абяцанай зямлі, якую захапілі жыхары Ізраэля. Такім чынам, для нас зямля, гэта нешта іншае ў адрозненне ад таго, за што часта змагаюцца людзі. Існуе нешта, што Святы Дух нам можа адкрыць – існуе нешта, што каштуе нашмат больш чым, чым звычайныя чалавечыя рэчы. Канфлікты паміж людзьмі, могуць нас прымусіць згубіць нешта нашмат больш каштоўнае, чым звычайныя рэчы, якія стаяць у фундаменце канфлікта: па-першае, адносіны з Богам, а па-другое, сапраўдны супакой, які па-сапраўднаму шмат каштуе.

Калі чалавек адказвае таму, хто яго атакуе з такой самай цвёрдасцю, ён зыходзіць на ўзровень таго, хто атакуе. Ён пачынае барацьбу за тое, што хоча іншы. Ён бароніць дабро, якое іншы можа скрасці. Ці існуе дабро, якога ніхто не зможа скрасці? Ці існуе нешта, што трэба бараніць нават коштам багаццяў і каштоўнасцяў гэтаў свету? Лагодны не ўступае ў канфлікт, бо ён бароніць дабро больш высокае, каштоўнае і прыгожае. Ён ведае, што мае дар Святога Духа. Хочаш скрасці ў мяне нешта? Якая мне да гэтага справа, я маю нешта нашмат больш каштоўнае. Такім чынам лагодны гэта не той, хто не змагаецца, але той, хто вядзе больш сур’ёзную барацьбу. Лагодны – гэта бедны для гэтага свету, але багаты для будучага. Гэта нехта, хто мае сапраўднае багацце, якога ніхто не можа адабраць. Такім чынам, сакрэт гэтай неканфліктнасці, не ў самадысцыпліне, самакантролі, але ў валоданні каштоўным дабром, якое немагчыма скрасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.