2011-11-25 17:06:35

"Веру, ведаю, разумею". Плёны Святога Духа. Валоданне сабой (ІІ)


Мы працягваем разважанні аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіо Расіні. Разважанні кс. Фабіо грунтуюцца на 5 главе Паслання апостала Паўла да Галатаў, у якой святы робіць пералік плёнаў Святога Духа. У мінулай праграме мы ўбачылі, што плёны, гэта заўсёды наступствы, вынік дзейнасці Духа ў нас. Сёння мы працягнем разважаць аб самым “маленькім” плёне Святога Духа - “валоданні сабой”.

Ітак. У мінулай праграме мы паразмаўлялі аб тым, што, па-першае сучасная культура адносіцца да валодання сабой антыпатычна, варожа. Кс. Фабіо кажа, што сёння модна быць спантанным, хуткім, адкідваць усялякія абмежаванні і жыць нібыта без тармазоў. З іншага боку, сучасная культура характарызуецца празмерным кантролем над сваімі эмоцыямі. У сённяшнім свеце модна быць непарушным, “паліткарэктным”. За такімі паводзінамі вельмі часта крыецца банальная абыякавасць да іншага. Гэтыя дзве пазіцыі абсалютна чужыя хрысціянству. Езус быў чалавекам гарачым і не насіў на сваім твары маску непарушнасці і карэктнасці. У чым жа сутнасць плёну Святога Духа валодання сабой? Што знаходзіцца ў сярэдзіне паміж інфантыльнай неабмежаванасцю і прытворствам, за якім крыецца абыякавасць да іншага? Дзе гэты баланс, які павінен быць у жыцці хрысціяніна?

Кс. Фабіо прыводзіць прыклад, аб якім пісаў св. Павел у 9 главе Першага паслання да Карынцянаў. Апостал кажа нам аб атлеце, які горача імкнецца да пэўнай мэты – перамагчы на спаборніцтвах. Для дасягнення гэтай мэты атлет выконвае шматлікія фізічныя практыкаванні, шмат у чым сабе адмаўляе і г.д. Мы таксама маем пэўную мэту. Але перш чым сказаць аб гэтай мэце, кс. Фабіо адзначае, што размова аб валоданні сабой, уваходзіць у канфлікт з распаўсюджаным сёння разуменнем паняцця свабоды. Мы часта разумеем свабоду, як поўную адсутнасць абмежаванняў. Але калі даследваць само слова “свабода”, то яно азначае “здольнасць да самавызначэння” – “вызначыць сябе самаго”. Слова “вызначыць” – азначае “акрэсліць”, зразумець дзе знаходзяцца ўласныя межы”. Ітак, “свабода” азначае, не “мець абмежаванне”, але “ведаць аб абмежаваннях” і ведаць як іх выкарыстоўваць. “Свабода” не азначае рабіць тое, што хачу, але быць здольным кіраваць уласнымі апетытамі, быць шчаслівым з таго, што можаш кіраваць сабой.

Кс. Фабіо прапаноўвае, для лепшага разумення гэтага паняцця паглядзець на тэкст Евангелля св. Марка. Прыкладам “валодання сабой” можа быць пост. Евангеліст апісвае, што ў той час як вучні Яна і фарысеяў посцілі, вучні Езуса не рабілі гэтага. Фарысеі спыталі тады ў Езуса: “Чаму вучні Яна і вучні фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць? Езус адказаў ім: ці могуць пасціць запрошаныя на вяселле, калі жаніх з імі. Таму што маюць жаніха з сабой, не могуць пасціць. Прыйдуць дні, калі будзе адабраны ім жаніх і тады будут посціць”. Ітак: фарысеі – гэта тыповы прыклад людзей, якія вядуць барацьбу з уласным эга з мэтай пошуку ўласнай праведнасці. Тут ёсць пэўнае падабенства з эліністычнай паставай і з сучасным “самакантролем”.
Вучні Езуса елі, у той час, як іншыя пасцілі. Менавіта таму фарысеі пыталі Езуса аб іх. Часта людзі хочуць выглядаць больш праведнымі і звяртаюць увагу на тых, хто так не робіць. Яны робяць заўвагі і думаюць, што тыя ў адзін момант зменяцца. Але наша вера трохі іншая. Фарысеі прыходзяць да Езуса і кажуць яму аб самакантролі, самадысцыпліне. Але Езус ім кажа: “ці могуць пасціць калі жаніх з імі?” Такім чынам, нагодай для посту павінна стаць адсутнасць жаніха. Значыць пост характарызуецца адсутнасцю пэўных адносінаў. Ёсць рэчы якія робяцца для уласнага эга, а ёсць такія, якія робяцца для адносінаў.
Калі любімы са мной і я не магу пайсці на свята. Тое, што мяне прымушае быць разам з любімым – гэта свабода. Межы, якія я сам сабе стаўлю, маюць сваю крыніцу ў любові. Я валодаю сабой, таму што хачу быць з табой. Ты мне дарагі, дарагая і г.д. Я раблю тое, што мне дазваляе быць побач з табой. Тое, што дазваляе зрабіць цябе шчаслівым. “Валоданне сабой” у хрысціянстве – гэта адносіны з Панам Езусам. Яго карані палягаюць у адкрыцці таго, што дае радасць і што яе забірае. Таму існуюць рэчы, перад якімі мы павінны спыняцца. Не таму, што хочам быць лепшымі, але таму, што жадаем быць разам з Езусам. А як наступства гэтага – быць разам з іншымі. Існуюць рэчы, якія закаханыя робяць спантанна, не думаючы, не вывучаючы этыку – гэта рэчы, якія робяцца з любові і для любові. Валоданне сабой – гэта плён, наступства, разуменне таго, што з’яўляецца па-сапраўднаму каштоўным і важным. Мы можам ахвяраваць сабой, таму што маем пэўную мэту – знайсці нашу Любоў і ісці за Ёй. Валоданне сабой, гэта свабодны выбар уласных абмежаванняў. Я іх прымаю, каб мець магчымасць быць з Хрыстом і бліжнім.







All the contents on this site are copyrighted ©.