2011-11-24 16:43:16

“Homo caritatis”. Адзінства сям’і – будучыня грамадства


RealAudioMP3 Мы працягваем нашыя разважанні аб місіі хрысціяніна ў палітыцы. У мінулай праграме мы пачалі размаўляць аб прыярытэтным значэнні клопату аб сям’і, аб неабходнасці падтрымкі сямейных каштоўнасцяў і спрыянні адказнаму разуменню сваёй сексуальнасці. Мы звярнулі ўвагу на тое, што сям’я з’яўляецца крыніцай адносінаў паміж людзьмі ва ўсім грамадстве. Дзяржава, якая клапоціца аб інстытуце сям’і, збірае вялікія плёны. Напрыклад, калі ў нашых сем’ях будзе існаваць павага да жыцця, то гэта павага будзе праяўляцца ў адносінах да жыцця кожнага грамадзяніна. Калі ў сям’і будзе дамінаваць любоў, калі дзеці будуць плёнам любові бацькоў, а не вынікам лабараторных маніпуляцый, тады каштоўнасць чалавечага жыцця і любові стане сапраўдным падмуркам для ўсіх сацыяльных адносін.

Дзеці – рэсурс грамадства

Я не ў якім разе не хачу зрабіць легітымным умяшальніцтва дзяржавы і палітыкі ў інтымную сферу адносінаў паміж мужчынай і жанчынай. Трагічныя вынікі такога ўмяшальніцтва сёння бачны ў многіх краінах свету (дастаткова ўзгадаць дзяржаўныя праграмы па планаванні сям’і ў Індыі і Кітаі, палітыку стэрылізацыі і г.д.). Палітычная ўлада не можа ўмешвацца ў пытанні адносна сексуальнасці і пракрэацыі, не беручы пад увагу адказную свабоду пар. Аднак гэта не азначае, што сексуальнасць і пракрэацыя губляюць сваё грамадскае значэнне. Часам праблемы ў гэтай сферы могуць мець вельмі цяжкія наступствы для ўсяго грамадства. Дзеці, калі нараджаюцца, набываюць важнае значэнне не толькі для сям’і, але і для ўсёй супольнасці. Яны не з’яўляюцца прыватнай уласнасцю бацькоў, але, у пэўным сэнсе, з’яўляюцца рэсурсам усёй супольнасці. Калі дзеці добра выхаваны, атрымалі адукацыю, набылі асабістыя і грамадскія цноты, тады з’яўляюцца сапраўдным дабром і скарбам для супольнасці. Аднак, калі растуць у кепскім асяроддзі, пакутуюць ад гвалту і зневажанняў, не маюць магчымасці ці ўмоваў для вучобы, атрымання прафесійных здольнасцяў, калі жывуць у стане беднасці і маргінальнасці, тады з’яўляюцца крыніцай вялікіх праблем для ўсяго грамадства. Такім чынам нараджэнне дзіцяці не з’яўляецца толькі асабістай справай, але, у нейкім сэнсе, і грамадскай. Заданнем пары становіцца даць дзіцяці новае жыццё, гарантаваць яму адпаведныя ўмовы для росту і сталення, даць яму магчымасць атрымаць адукацыю. У такім кантэксце, стабільнасць сям’і, разуменне з яе боку сваёй сацыяльнай адказнасці, сведчанне свядомасці той місіі, якую яна здзяйсняе ў грамадстве набываюць вельмі важнае значэнне. Роля хрысціяніна ў палітыцы ў гэтым кантэксце павінна быць вельмі яснай. Той, хто выконвае абавязкі, што ўплываюць на жыццё ўсёй краіны, не можа быць нейтральным да маральных аспектаў у фундаментальных сферах. Той, хто выконвае грамадскія абавязкі не можа быць рэгуліроўшчыкам, які кіруе патокам машын, не ведаючы куды яны прыедуць.

Развод – пагроза для грамадства

Адной з важных праблем, якая стаіць сёння перад беларускім грамадствам і негатыўна ўплывае на развіццё дзіцяці – гэта разводы. Напэўна, ні для каго не таямніца, што Беларусь гэта адзін з сусветных лідэраў па колькасці разводаў. На працягу жыцця жыхары краіны часта жывуць у стане сапраўднай палігаміі. У выніку безадказнай дзейнасці палітыкаў, усё больш спрашчаюцца заканадаўчыя нормы, якія тычацца працэдуры развода. Цяпер працэс ануліравання сужэнства можа займаць усяго некалькі дзён. Канешне, палітык не можа забараніць людзям развадзіцца, тым больш, калі такія законы ўжо існуюць, але павінен зрабіць усё, каб дапамагчы пераадолець баналізацыю сужэнства, і гэта магчыма. Закон дысцыплінуе звычаі і заўсёды выконвае адукацыйную ці адваротную адукацыйнай функцыю.

Развод з’яўляецца адной з самых вострых сучасных сацыяльных праблем. Дзеці разведзеных бацькоў часцей маюць ніжэйшую паспяховасць у школе, адмаўляюцца ад адукацыі, атрымліваюць працоўную кваліфікацыю ніжэйшую за іншых. Яны больш рызыкуюць трапіць у сферу сацыяльнай маргіналізацыі. Развод, вельмі часта з’яўляецца крыніцай беднасці сем’яў і самотнасці жанчын. Нарэшце, думаю не трэба нагадваць аб магчымых псіхалагічных траўмах дзіцяці, бацькі якога разбураюць уласнае сужэнства.

Місія палітыка ў сферы абароны сям’і

Абарона сям’і ажыцяўляецца праз клопат аб захаванні яе сутнасці, як месца перадачы жыцця і выхавання дзяцей, праз законы, што падтрымліваюць сужэнства двух асоб рознага пола. Але таксама існуюць і іншыя спосабы. Гэта клопат аб вольным часе сем’яў, развіцці спорта і моладзевай палітыкі, якія вельмі важныя, каб падтрымаць сям’ю і дапамагчы ёй у выкананні выхаваўчай функцыі. Нарэшце, школа і СМІ таксама павінна быць на службе сям’і ва ўсіх сэнсах.

Падтрымка сям’і можа ажыцяўляцца праз шматлікія ініцыятывы, якія трэба абмяркоўваць, аднак, неабходна перш за ўсё разумець прыярытэтнасць тых ці іншых сфер. Напрыклад, трэба быць свядомым таго, што законы павінны быць накіраваны на захаванне інстытута сям’і, і гэта нашмат важней, чым рашэнні аб пабудове дзіцячых пляцовах ці недахопе дзіцячых садкоў. Кіруючыся такой свядомасцю хрысціянін у палітыцы можа спрыяць захаванню каштоўнасці гэтага фундаментальна важнага інстытута для жыцця усёй супольнасці і яе будучыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.