2011-11-24 15:31:48

Ватыкан: выстава прысвечаная базыліцы Святой Сям’і архітэктара Гаўдзі


RealAudioMP3 24 лістапада ў Ватыкане адбылося адкрыццё выставы славутага іспанскага архітэктара Антоніо Гаўдзі пад назвай “Гаўдзі і базыліка Святой Сям’і з Барселоны. Мастацва, навука і духоўнасць”. У экспазіцыі прадстаўлены арыгінальныя мадэлі, планы і нават некаторыя часткі інтэр’ера гэтай базылікі і літургічныя прылады, дызайн якіх распрацаваў Гаўдзі. Акрамя таго, наведвальнікі могуць пазнаёміцца з фотаздымкі звязанымі з будаўніцтвам базылікі Святой Сям’і і іншых храмаў.

Падчас адкрыцця выставы кардынал Луіс Марцінэс Сістах, арцыбіскуп Барселонскі, адзначыў, што яе мэта заключаецца ў тым, каб пазнаёміць вернікаў рымскай дыяцэзіі з вялікімі творамі мастацтва геніяльнага архітэктара, узорнага хрысціяніна, працэс беатыфікацыі якога пачала адпаведная ватыканская дыкастэрыя.

“Гэта выстава сведчыць аб ўкладзе хрысціянскай веры у свет культуры, мастацтва і прыгажосці, які Касцёл рабіў на працягу доўгіх стагоддзяў. На ёй можна пабачыць прыгожы, велічны, сімвалічны, цудоўны храм, які знаходзіцца ў цэнтры вялікай Мітраполіі, якой з’яўляецца Барселона. Гэты храм з’яўляецца сімвалам Барселоны. Як сказаў Бэнэдыкт XVI “базыліка Св. Сям’і – гэта бачны знак нябачнага Бога, які неабходны нашаму заходняму, еўрапейскаму грамадству з яго свецкай культурай і рэлігійнай абыякавасцю”, - адзначыў кардынал Сістах.

Выстава “Гаўдзі і базыліка Святой Сям’і з Барселоны. Мастацва, навука і духоўнасць” будзе дзейнічаць да 15 студзеня 2012 г. Яе арганізатарамі з’яўляецца Барселонская архідыяцэзія і Папская рада па культуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.