2011-11-24 13:41:45

Бэнэдыкт XVI да членаў італьянскага “Caritas”: “Свет патрабуе знакаў надзеі”


RealAudioMP3 24 лістапада Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў італьянскай дабрачыннай арганізацыі “Caritas” з нагоды 40-годдзя заснавання. У сваёй прамове Святы Айцец нагадаў, што папа Павел VI у 1972 г., падчас першай нацыянальнай італьянскай сустрэчы членаў “Caritas” звяртаў увагу на неабходнасць, акрамя матэрыяльнага клопату аб патрабуючых, памятаць аб вялікай педагагічнай і адукацыйнай місіі адносна супольнасцяў, сем’яў і грамадства. “Гаворка ідзе аб тым каб прыняць адказнасць навучаць добраму жыццю паводле Евангелля, якое становіцца такім толькі тады, калі стане сведчаннем бескарыснай любові”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Святы Айцец, адзначыў, што чытаючы Евангелле, мы заўсёды застаемся пад уражаннем жэстаў Езуса, праз якія Ён перадае ласку, навучае веры, аздараўляе і клапоціцца, чыніць справы міласэрнасці і дае надзею, будучыню і суцяшэнне. “Гэтыя жэсты, з’яўляюцца ўласцівымі таксама і педагагічнай місіі “Caritas”. Праз канкрэтныя жэсты вы прамаўляеце, евангелізуеце, навучаеце. Учынкі бескарыснай любові кажуць аб Богу, абвяшчаюць надзею, натхняюць задаваць пытанні”, - падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец адзначыў, што такія ўчынкі дапамагаюць бедным узрастаць у іх годнасці, хрысціянскім супольнасцям наследаваць Хрыста, а грамадству ўпоўні асэнсаваць уласныя абавязкі.

“Адказваць на патрэбы людзей, не азначае толькі даваць хлеб галодным, але таксама глядзець на прычыны таго, чаму ён галадае. Глядзець позіркам Езуса, які ўмеў зазірнуць у глыбіню людзей, якія Яго акружалі”, - сказаў Папа. Пантыфік падкрэсліў, што сёння чалавецтва шукае знакаў надзеі і таму неабходна, каб арганізацыя “Caritas” дапамагала Касцёлу рабіць бачнай любоў Бога, які з’яўляецца крыніцай гэтай надзеі.








All the contents on this site are copyrighted ©.