2011-11-24 13:13:41

"Homo caritatis". Знаёмства з Жакам Марытэнам


RealAudioMP3 У мінулых праграмах мы паразмаўлялі аб каталіцкай думцы адносна дэмакратыі. “Дэмакратыя, гэта не толькі традыцыя ці практычная метадалогія для рэгуліравання адносін паміж індывідуамамі, але філасофія грамадства свабодных і роўных людзей, якая грунтуецца на законнасці і грамадзянскім сяброўстве. Дэмакратыя гэта вынік доўгага гістарычнага працеса, які пачаўся дзякуючы хрысціянскаму зачыну, і які павінна падтрымліваць кожнае новае пакаленне. Гэта працес якому заўсёды пагражае гвалт з боку адных і лянота з боку іншых, калі адукацыя не здольная навучыць чалавека паважаць правілы”, - пісаў Жак Марытэн, вялікі каталіцкі філосаф ХХ ст.

Нажаль на беларускую мову не перакладзены яго кнігі і таму многім католікам не шмат вядома аб яго навучанні. Таму, каб запоўніць гэты прабел, я хачу прысвяціць наступныя нашы праграмы знаёмству з філасофіяй Жака Марытэна. Я думаю, яно можа быць вельмі захапляльным і карысным, не толькі тым, хто цівавіцца філасофіяй, але кожнаму чалавеку, хто шукае адказ на цяжкія пытанні з нашага грамадскага і палітычнага жыцця. У сённяшняй праграме мы пагаворым аб самім філосафе, тым больш, што яго біяграфія сама па сабе з’яўляецца сапраўдным творам мастацтва.

Жак Марытэн нарадзіўся ў 1882 г. у Парыжы ў пратэстанскай сям’і. Падчас вучобы ў Сарбоне ён пазнаёміўся з Раісай Оўманкоф, яўрэйкай з Растова на Дану, якая ў будучыні стала яго жонкай. .“Я імкнуся да маёй Раісы, як птушка да гнязда, як ружа да сонца, ак прагнучая душа да крыніцы жыцця”, - пісаў Марытэн а сваёй каханай. Характэрнай рысай іх супольнага жыцця быў пастаянны пошук праўды. У маладосці Жак і Раіса вельмі захапляліся сацыялістычнымі і анархічнымі ідэямі. Аднак насілі глыбока ў сабе незадаволеннасць навуковым пазітывізмам і матэрыялізмам, які панаваў у тагачасным універсітэцкім жыцці. Трываючы ў безнадзейным стане і жадаючы збегчы ад гэтага свету яны нават планавалі здзейсніць самагубства. Аднак Божы провід пакіраваў такім чынам, што сужонкі адклалі гэту ідэю, дзякуючы сваёму захапленню філасофскім вучэннем Анры Бергсана, французскага спірытуаліста. “Вось яно – чалавек не можа пазнаць усё толькі сваім інтэлектам! Існуе нешта большае!”, - адкрылі для сябе Жак і Раіса.

Захапленне філасофіяй Бергсана (якое дарэчы, не адпавядае каталіцкаму вучэнню) прывяло маладых людзей далей. У 1906 г., Жак і Раіса прынялі хрост у адным з парыжскіх касцёлаў і сталі католікамі. Пошук праўды працягваўся і Жак Марытэн адкрыў для сябе філасофію св. Тамаша з Аквіну. “Гора мне калі я не таміст”, - пісаў будучы вялікі філосаф.

У 1922 г. Марытэн заснаваў “Гурток тамістаў” – аматараў філософіі св. Тамаша з Аквіну. Свае ідэі сужонкі Жак і Раіса выражалі рознымі мовамі: Жак праз навуку, ён удзельнічаў у шматлікіх канферэнцыях, выдаваў філасофскія часопісы, пісаў кнігі; а яго жонка Раіса – праз паэзію - яна пісала вершы.

Падчас ІІ Сусветнай вайны Жак Марытэн працягваў займацца навуковай і выкладчыцкай дзенйасцю у Нью Ёрку, а пасля яе заканчэння вярнуўся ў Парыж. Тут генерал Шарль Дэ Голль, кіраўнік пасляваеннага францускага ўрада, прапанаваў Марытэну стаць паслом Францыі пры Апостальскай Сталіцы. У 1946 г. Жак Марытэн, у якасці пасла Французскай Рэспублікі прадстаўвіў даверчыя граматы папе Пію ХІІ. У часы свайго прыбывання ў Італіі ён пазнаёміўся з шматлікімі хрысціянскімі дэмакратамі, якія аднаўлялі дабрабыт і духоўнасць краіны пасля гадоў дыктатуры Мусаліні.

У 1960 г. у жыцці Жака Марытэна пачаўся новы перыяд . Памерла Раіса. Застаўшыся самотным, Марытэн вырашыў стаць законнікам і прысвяціць сваё жыццё малітве і медытацыям. Ён уступіў у кангрэгацыю Малых братоў Езуса ў французскай Тулузе. Аднак працягваў сваю навуковую дзейнасць. Будучы законнікам Марытэн атрымаў дзве ганаровыя літаратурныя прэміі, а падчас ІІ Ватыканскага Сабора папа Павел VI папрасіў яго падрыхтаваць спецыяльнае пасланне да людзей навукі і культуры. Адначасова Марытэн падрыхтаваў да друку зборнікі паэзіі і дзённікі сваёй памерлай жонкі.

У 1973 г. у Тулузе вялікі філосаф памёр. Зараз ідзе працес беатыфікацыі сужонкаў Жака і Раісы Марытэн.

Вось такі цікавы персанаж. Я спадзяюся што вас зацікавіла яго асоба. У наступных праграмах мы пачнем знаёміцца з яго філасофіяй, якая на мой погляд дапаможа ў разуменні многіх сучасных працесаў у грамадскім жыцці.







All the contents on this site are copyrighted ©.