2011-11-23 14:42:27

“Веру, ведаю, разумею”. Апрануцца ў панцыр справядлівасці


RealAudioMP3 Мы працягваем разважанні аб “зброі святла” – духоўных прыладах, аб якіх кажа апостал Павел напрыканцы свайго паслання да Эфесцаў, неабходных кожнаму ахрышчанаму для глыбокага ўнутранага жыцця і трываласці ў бітве са злымі сіламі, якія заўсёды спрабуюць атакаваць нашы сэрцы. Нагадаю, што ў нашых разважаннях нам дапамагаюць катэхезы падрыхтаваныя спецыяльна для нашага радыё італьянскім святаром, біблістам і вядомым катэхетам кс. Фабіо Росіні.

У мінулай праграме, мы пераканаліся, што для таго, каб пачаць унутраную барацьбу з сіламі зла, перш за ўсё, трэба прыняць рашэнне ўдзельнічаць у гэтай бітве і пачаць з праўдзівага погляду на сябе – “устаць падперазаўшы сцёгны пасам праўды”, як казаў св. Павел. Сёння мы паразмаўляем, аб другой “зброі святла”, аб якой распавядае апостал – “панцыры справядлівасці”. Мы паспрабуем разабрацца, што такое панцыр і якім чынам справядлівасць можа стаць гэтым панцырам.

Калі мы размаўляем аб панцыры, даспехах, мы гаворым аб нечым, што нас абараняе, у чым мы адчуваем сябе больш бяспечна. Панцыр, як і вопратка, служыць для таго, каб прыкрываць цела. У Святым Пісанні, вопратка мае шматлікія значэнні. Узгадайце, як у Кнізе Быцця вопратка схавала чалавека ад сораму, беднасці і аголенасці. Чалавек, які праз свой грэх згубіў давер, адчувае сябе заўсёды пазбаўленым вопраткі. Калі мы задумаемся, то ўбачым, што чалавек адзіны з усіх жывых стварэнняў, хто апранае на сябе вопратку. Усе іншыя істоты не маюць у гэтым патрэбы. Апранацца – гэта чалавечая характарыстыка. Быць чалавекам – азначае апранацца, накрываць сваё цела, выбіраць вопратку.
Гэта важна падкрэсліць – мы заўсёды выбіраем у што апрануцца. Пасля першага граху, чалавек апрануўся ў лісце, і гэта вопратка, аднак, яго не схавала. Калі прыйшоў Бог, чалавек працягваў хавацца. Гэта лісце можа сімвалізаваць шматлікія віды вопраткі, з дапамогай якой мы хочам схавацца, але якой нам недастаткова ніколі. Наша чалавечая вопратка, нашы звычкі, манеры, ролі, якія мы прымаем ніколі нас не схаваюць упоўні. Такім чынам, св. Павел, гаворачы аб “панцыры справядлівасці” прапануе нам такую вопратку, якая нарэшце зможа нас па-сапраўднаму схаваць. Яна можа даць нам упэўненасць, супакой, якога мы патрабуем для таго, каб жыць.

Панцыр – гэта частка даспехаў война, які закрываў самыя галоўныя часткі цела. Калі будзе паранена рука ці нага, чалавек хутчэй за ўсё застанецца жывым, але калі будзе паранены ў органы неабходныя для захавання жыцця – хутчэй за ўсё памрэ. Самыя галоўныя органы – гэта лёгкія, сэрца, ныркі. Таму гэта частка павінна быць найбольш абаронена. Панцыр захоўвае чалавека ад найбольш цяжкіх ран, якія ён можа атрымаць падчас бітвы.

У жыцці кожнага верніка таксама існуюць найбольш важныя месцы, раненне якіх можа стаць смяротным. Калі буду паранены ў некаторыя месцы майго духоўнага жыцця, гэта жыццё можа памерці. Таму мне неабходна справядлівасць, каб абараніць нешта, з-за чаго я магу згубіць жыццё, адносіны з Богам, духоўнае я.

Калі мы адчуваем небяспеку, то стараемся ўбачыць, што менавіта нам пагражае. Існуюць рэчы, якія ставяць пад пагрозу наша існаванне. Мы іх адчуваем і сведчаннем гэтага з’яўляюцца тыя ролі, якія пачынаем адыгрываць, бар’еры і сцены, якія будуем, вобразы, якія прымаем, наш супраціў, цвёрдасць, дыстансаванне ад іншых. Гэта ўсё сведчыць аб нашых страхах. І менавіта перад іх абліччам неабходна знайсці правільны панцыр, які нас зможа па-сапраўднаму абараніць і схаваць. Нажаль, вельмі часта ў нашым жыцці мы выбіраем зусім не той панцыр, які нас зможа выратаваць, але той, які надварот, становіцца нашай турмой і кайданамі. Такі панцыр, не дазваляе нам быць самімі сабой – быць здольнымі любіць, быць адкрытымі, радаснымі, свабоднымі. Менавіта свабода дзяцей Божых дае нам магчымасць выбраць правільны панцыр – справядлівасць, аб якой кажа св. Павел.








All the contents on this site are copyrighted ©.