Каталіцкія біскупы
Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі скіравалі спецыяльнае пасланне з нагоды канферэнцыі
ААН на тэму змен клімату, якая пройдзе з 28 лістапда па 9 снежня ў Дурбане. Іерархі
падкрэсліваюць “тэрміновасць” дзеянняў па праблеме кліматычных змен і спадзяюцца,
што форум прынясе станоўчыя вынікі. “Уся наша планета сёння знаходзіцца пад пагрозай
па прычыне кліматычных змен, выкліканых дзейнасцю чалавека”, - адзначаюць іерархі.
Для біскупаў такія змены з’яўляюцца “вялікім духоўным выклікам”, скіраваным да вернікаў
і ўсіх людзей добрай волі, як вынік нішчэння Стварэння. “Такія сітуацыі патрабуюць
змен нашага мыслення і спосабу жыцця, каб паменшыць нашу залежнасць ад выкапнёвага
паліва, асабліва ад вугалю і нафты”, - падкрэсліваюць іерархі.
Біскупы Паўднёва-Афрыканскай
Рэспублікі робяць заклік да вернікаў, каб кожны ўнёс у гэты працэс свой уклад. У выніку
пастаяннага росту забруджвання навакольнага асяроддзя кожны пакліканы “аб’яднаць свае
намаганні з кіраўніцтвам сваіх краін і ААН з мэтай зніжэння выкідаў вуглякіслага газу,
для нашай карысці і дабра будучых пакаленняў і ўсіх жывых істот”, - адзначаюць каталіцкія
іерархі.
“У гэтым сэнсе сустрэча ў Дурбане з’яўляецца адзінай магчымасцю прыняць
важныя рашэнні, якія паменшылі б прычыны і ўплыў кліматычных змен”, - падкрэсліваюць
біскупы. Акрамя таго, іерархі звяртаюць увагу на тое, што паколькі геаграфія ўдзелу
ў Кіоцкім пратаколе 1997 г. была пашырана і ён стаў абавязковым, неабходна каб на
сустрэчы у Дурбане былі прыняты канкрэтныя меры з мэтай кантролю над абавязацельствамі,
асабліва індустрыялізваных краін і краін на шляху развіцця.