2011-11-23 15:45:58

"Homo caritatis". Дэмакратыя і маральная рацыяналізацыя палітыкі


RealAudioMP3 Мы працягваем знаёміцца з этыка-палітычнай філасофіяй Жака Марытэна, вялікага хрысціянскага мысліцеля ХХ ст. думкі якога аказалі вялікі ўплыў на развіццё ўсяго каталіцкага вучэння. Нагадаю, што нашы разважанні грунтуюцца на найбольш сістэматызаванай працы Марытэна, якая называецца “Чалавек і дзяржава”. У мінулых праграмах, мы пачалі размаўляць аб сродках рацыяналізацыі палітычнага жыцця і ўбачылі, што Марытэн вылучае два шляхі: тэхнічны і маральны. Тэхнічны шлях, паводле філосафа заключаецца ў выкарыстанні любых сродкаў неабходных для дасягнення пастаўленай мэты, негледзячы на іх этычную характарыстыку. Такім чынам, знішчаецца сувязь паміж мараллю і палітыкай. Крытыкуючы такі погляд, Марытэн адзначае, што нельга праз дрэнныя сродкі дасягнуць па-сапраўднаму трывалага і добрага выніку. У нашай сённяшняй праграме, мы паразмаўляем аб другім шляху – маральным, які з’яўляецца больш цяжкім, але і больш сапраўдным і плённым для народа.

Справядлівасць і законнасць – фундамент маральнага шляху

Маральны шлях заключаецца ў прызнанні па-сапраўднаму чалавечых мэтаў палітычнага жыцця і іх самых глыбокіх крыніц: справядлівасці, законнасці і ўзаемнага сяброўства; гэта азначае таксама бясконцыя намаганні, скіраваныя на тое, каб паставіць усе структуры і органы палітычнага грамадства на службу супольнаму дабру, годнасці чалавечай асобы і пачуццю братэрскай любові. Іншымі словамі, маральны шлях азначае падпарадкаванне ўсіх сіл, духоўных і матэрыяльных, развіццю чалавечай свабоды; заснаванне палітычнага жыцця не на інфантыльнай сквапнасці, зайздрасці, эгаізме, падступнасці ці хітрасці, імкненні да прэстыжа ці панавання. “Гэтыя характарыстыкі, нажаль, былі пераўтвораны ў нармальныя правілы гэтай сур’ёзнай гульні”, - адзначае Марытэн. Наадварот, палітыка павінна грунтавацца на сталым асэнсаванні самых глыбокіх патрэб чалавечага жыцця, на патрабаванні міра і любові, маральных і духоўных імкненняў чалавека.

Такі шлях указаў нам яшчэ Арыстоцель і іншыя філосафы антычнасці, а пазней – выдатныя мысліцелі сярэдневечча. Сёння, перад абліччам катастрафічных наступстваў рацыянальнай эпохі, такія патрабаванні зноў набылі актуальнасць і знаходзяць свой выраз у сапраўднай дэмакратыі.

Дэмакратыя – адзіны прагрэсіўны шлях для чалавецтва

У многіх можа ўзнікнуць пытанне? А ці сапраўды гэтыя прынцыпы адпавядаюць дэмакратыі? Тут трэба ўдакладніць, што дэмакратыя – гэта толькі шлях ажыцяўлення маральнай рацыяналізацыі палітыкі, бо дэмакратыя з’яўляецца рацыянальным упарадкаваннем свабод, заснаваных на праве.

З гэтай пазіцыі мы можам убачыць фундаментальнае значэнне дэмакратыі для эвалюцыі і зямнога лёсу чалавецтва. Разам з дэмакратыяй чалавецтва ўстала на адзіны правільны шлях – шлях маральнай рацыяналізацыі палітычнага жыцця. Марытэн казаў, што дэмакратыя нясе зямную, біялагічную надзею чалавецтва. Але трэба памятаць, што зараз мы робім толькі першыя крокі ў ёй і натуральна, што будзем шмат плаціць за нашы сур’ёзныя памылкі і маральныя правалы. Дэмакратыя можа быць незручнай, грубай, недасканалай, можа сутыкнуцца з рызыкай здрадзіць самой сабе, падпарадкаваўшыся інстынкту страха ці сілы. Аднак негледзячы на гэта дэмакратыя – гэта адзіны шлях па якім могуць ісці сілы прагрэса ў гісторыі чалавецтва.

Маральная адказнасць дэмакратыі

Яшчэ адзін важны аспект, на які звяртае ўвагу Марытэн, гэта адказнасць, якая ляжыць на дэмакратыі. Узгадайце аб праблеме мэты і сродкаў. Мэтай дэмакратыі з’яўляецца свабода і справядлівасць, таму калі ў імкненні да яе карыстацца сродкамі несумяшчальнымі са свабодай і справядлівасцю, гэта стане актам самазнішчэння для дэмакратыі.

Марытэн адзначае, што філасофія Макіявеллі з’яўляецца ілжывай. Гэта не праўда, што справядлівасць і павага да маральных каштоўнасцяў вядзе да аслаблення і гібелі. Зло, як мы бачылі, не здольнае дасягаць мэтаў у доўгатрывалай гістарычнай перспектыве. Сіла нацый, якія змагаюцца за свабоду, большая за сілу тых, хто імкнецца падпарадкоўваць, і ІІ Сусветная вайна добры прыклад гэтаму. Але такая сіла грамадства не можа ўзнікнуць сама па сабе або, калі грамадства будзе карыстацца ў гэтай барацьбе амаральнымі сродкамі, пагарджаць маральнымі каштоўнасцямі і нормамі. Сіла дасягае сваёй асаблівай магутнасці, толькі ў тым выпадку, калі не насілле, а справядлівасць з’яўляюцца яе першым крытэрыям.

Як казаў, французскі філосаф Анры Бергсан, пачуццё дэмакратыі і дэмакратычная філасофія маюць свае глыбокія карані ў Евангеллі. Спрабаваць лічыць дэмакратыю толькі тэхнакратыяй ці наборам працэдур, азначае пазбавіць дэмакратыю яе крыві, якой з’яўляецца евангельскае аб’яўленне, з яго верай у звышнатуральныя, надматэматычныя ці надпачуццёвыя вымярэнні. Менавіта дзякуючы Евангеллю дэмакратыя можа пераадолець самыя жудасныя спакусы і выпрабаванні, і менавіта дзякуючы яму дэмакратыя можа выканаць сваю самую галоўную задачу – маральную рацыяналізацыю палітычнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.