2011-11-22 08:56:35

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Альтэрнатывы разумнай веры


RealAudioMP3 Шаноўныя слухачы, сёння мы распачынаем цыкл праграм прысвечаных праблемам жыцця хрысціяніна ў сучасным, пераважна секулярным, грамадстве. Напрацягу нашых радыёспатканняў пастараемся праз прызму Бібліі і вучэння Касцёла прыгледзецца да кандыцыі грамадства, у якім прыходзіцца жыць сучаснаму католіку як у Беларусі, так і ўвогуле ў свеце. У сваёй апошняй энцыкліцы “Любоў у праўдзе” (Caritas in veritate”), прысвечанай аналізу сучаснага эканамічнага крызісу ў свеце, Папа Бенедыкт XVI напісаў знамянальныя словы: “Без Бога чалавек не ведае, куды ідзе, і не здольны нават зразумець таго, хто ён” (№ 78).

Духоўнае аблічча чалавека XXI стагоддзя – гэта сплёт складаных рэлігійна-маральных, эканамічных і грамадска-палітычных працэсаў апошніх стагоддзяў. Разуменне таго, што, як і чаму адбылося, дае магчымасць не толькі зразумець наш актуальны стан, але ўсвядоміць пагрозы і шанцы, якія паўстануць перад намі ужо ў бліжэйшай будучыні.

Касцёл у Беларусі, нягледзячы на складанасць сацыяльна-палітычных працэсаў апошніх стагоддзяў, надалей не перастае дзяліць лёс хрысціянства ў Еўропе. Усе рэлігійныя і сацыяльныя працэсы, якія перажывае Стары кантынент, раней ці пазней закранаюць нашую краіну. Сур’ёзны духоўны крызіс, які ахапіў Еўропу апошнім часам, пачынае пранікаць і ў краіны былога сацыялістычнага лагера. Гэта праяўляецца ў працэсах прагрэсіруючага секулярызма (бездухоўнасці), нарастаючым рэлятывізме (адноснасці), паглыбленні маральнай разбэшчанасці. Не паспеўшы акрэпнуць пасля страшэнных ліхалеццяў камуністычнага тэрору, Касцёл у нашай краіне стаіць перад чарговай пагрозай: агрэсіўнай бездухоўнасцю і татальнай адноснасцю. І калі пагроза хрысціянству ў нашай краіне ў ХХ стагоддзі зыходзіла галоўным чынам з адміністрацыйных вярхоў, то пагроза ХХІ стагоддзя ўсё больш зыходзіць знізу, ад маральна здэградаваных слаёў грамадства. У выніку мы становімся сведкамі не толькі пажынання пладоў ваюючага атэізма мінулага, але і бытавога бязбожжа сучаснасці.

Рэлігія заўсёды выконвала важную ролю рэгулятара маральнага парадку. Яе выкараненне падрывае асновы грамадскага і асабістага жыцця многіх людзей. Пазбаўлены Бога чалавек не мае выразных арыенціраў, губляе крытэрыі адрознення дабра і зла, праўды і хлусні, рэальнасці і фантазіі. Тое, што для маральна здаровага чалавека спрадвеку здавалася відавочным і ясным, для згубленай асобы паддаецца сумнеўным і няясным. Практычнымі наступствамі такой згубленасці становяцца ўцёкі ад разумных і паслядоўных дзеянняў. А замест гэтага ўнутрана хворая асоба імкнецца патануць у акіяне пастаянных фантазій і заспакаенні ненасычальных эмоцый. У выніку дзеянні такога чалавека становяцца ўсё менш разумнымі і ўсё больш імпульсіўна-эмацыйнымі. Жыццём пачынае кіраваць не розум, але інстынкт, не рацыя, але сляпое жаданне. Нажаль, прыклады такіх паводзінаў можна заўважыць на кожным кроку ў сучасным грамадстве. Дастаткова ўзгадаць хаця б разгул алкагалізма, наркаманіі, распусты. Што аб’ядновае ўсе гэтыя ганебныя з’явы? У іх аснове можна заўважыць жаданне ўцякчы ў свет салодкіх мрояў ад складанай і песімістычнай візіі штодзённасці. Даследчыкі канстатуюць, што ў духоўна аслабленым чалавеку нарастае глыбокае расчараванне акружэннем і самім сабою, паглыбляецца нявера ў магчымасць рэальнага прагрэсу, дамінуе пачуццё безвыходнасці і нігілізму.

Гэты дэфіцыт веры абездухоўленага чалавека у нейкай ступені слушны, але не да канца праўдзівы. Бо без Бога чалавек сапраўды ператвараецца ў істоту годную толькі літасці. Адкрыццё праўды пра жорсткасць грэшнага свету і ўласную абмежаванасць здаецца найгоршым пракляцем, а няведанне праўды – благаслаўленнем. Тут мы дакранаемся да вытокаў так моднай у наш час псеўдадухоўнасці, якая абяцае сучаснаму чалавеку дасягнуць стан нейкай звышсвядомасці, іншай рэальнасці, “нірваны”. У той жа час прапагандатары такой рэлігійнасці бязлітасна ненавідзяць разумную веру хрысціянаў. Сур’ёзны ж аналіз духоўнасці без розуму і рэалізма сведчыць аб звычайнай псіхаманіпуляцыі, аўтары якой робяць бізнес на глыбіннай тузе чалавека па Раі.

Жывы і Праўдзівы Бог, выходзячы насустрач пошукам чалавечага сэрца, прапаноўвае нам просты шлях. Гэта дарога не наіўнай спробы самазбаўлення, але прыняцця дару Збаўлення ад Божага Сына. Хрысціянская духоўнасць прапаноўвае шлях не самотных безасабовых уцёкаў ад рэчаіснасці, але якаснай змены рэальнага чалавека праз асабістыя адносіны з Богам у супольнасці Яго вернікаў. Гэта адно з найглыбейшых адрозненняў паміж тым, што прапаноўвае нашаму сучасніку хрысціянства (Касцёл), і той псеўдадухоўнасцю, якая імкнецца запоўніць вакуум у душы пазбаўленага Бога чалавека.

У нашай наступнай перадачы пастараемся прасачыць, наколькі разуменне адносінаў паміж чалавекам і Богам паўплывала на гісторыю цэлых грамадстваў Еўропы і стан душы сучаснага чалавека.








All the contents on this site are copyrighted ©.