2011-11-22 14:28:44

Папская рада па справах свецкіх: пытанне веры ў Бога і яе адсутнасці


RealAudioMP3 У Рыме з 24 па 26 лістапада пройдзе XXV Пленарная асамблея Папскай рады па справах свецкіх. Яе тэма: “Пытанне Бога сёння. Ці мы не павінны зноў распачынаць ад Бога?”. Сярод удзельнікаў форума, які ўзначаліць старшыня Рады кардынал Станіслаў Рылка, выдатныя постаці сучаснай тэалогіі, літаратуры і філасофіі. Яны засяродзяцца на пытанні веры ў сучасным свеце. Асаблівым чынам будзе разглядацца місія і пакліканне свецкіх вернікаў.

У праграме асамблеі спецыяльная аўдыенцыя ў Святога Айца, навучанне якога грунтуецца менавіта на пытанні Бога ў душы чалавека Трэцяга тысячагоддзя, што і стане ў цэнтры дыскусіі. Будуць абмеркаваны таксама пытанні прысутнасці думкі аб Богу ў выдавецкай дзейнасці, ролі слэнгу ў дыялогу аб сакральным, выкарыстанні навучання вялікіх атэістаў, якія навярнуліся да Бога.

Другі дзень сустрэчы будзе прысвечаны вывучэнню праблемы веры ў Бога і яе адсутнасці па прыкладзе сустрэч “Падворка язычнікаў”, ініцыятывы, арганізаванай Папскай радай па культуры.

Асамблея падвядзе вынікі і вызначыць планы на будучыню. Гаворка ідзе перш за ўсё аб Кангрэсе свецкіх католікаў у 2012 г. у Камеруне і XXVIІІ Сусветных днях моладзі ў Рыа дэ Жанейра ў 2013 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.