2011-11-19 17:13:11

Пантыфік заклікаў бенінскіх святароў бараніць сваю ідэнтычнасць (Поўны тэкст)


RealAudioMP3 19 лістапада ў 10.30 Святы Айцец прыбыў, размешчаны ў 45 км ад Катану горад Уіду. Тут размешчана духоўная семінарыя св. Гала, дзе навучаліся святары і біскупы не толькі з Беніна, але і са шматлікіх краін Афрыкі. Зараз тут праходзяць фармацыю 147 семінарыстаў з Беніна і Того. Яе наведанне стала адным з пунктаў праграмы Святога Айца.

У Уіду знаходзіцца таксама магіла кардынала Бернардына Ганцін, даўняга сябра Бэнэдыкта XVI. Папа наведаў месца спачынку іерарха, дзе маліўся за памерлага.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнта, якая прайшла ў капліцы духоўнай семінарыі. Святы Айцец сустрэўся з семінарыстамі і святарамі і скіраваў да іх сваё слова. Папа адзначыў:

“Я рады быць сярод вас тут у Уіду і, асабліва, у гэтай семінарыі, якая знаходзіцца пад апекай св. Жанны д’Арк і прысвечана св. Галу – чалавеку незвычайных цнотаў, законніку, які прагнуў дасканаласці, пастыру, поўнаму пяшчоты і пакоры. Няма нічога больш высакароднана, як мець за ўзор яго асобу, а таксама постаць арцыбіскупа Луі Парызо, нястомнага апостала бедных і правадыра мясцовага духавенства, і кс. Томаса Мулеро, першага ў Дагоме святара, таксама асобу кардынала Бернардына Ганцін, слаўнага сына вашай зямлі і пакорнага слугі Касцёла.

Наша сустрэча гэтай раніцай дорыць мне магчымасць выказаць непасрэдна вам маю ўдзячнасць за вашу пастырскую актыўнасць. Я ўзношу падзяку Богу за вашу стараннасць, нягледзячы на цяжкія ўмовы, у якіх вы пакліканы сведчыць Яго любоў. Дзякую Яму за шматлікіх мужчын і жанчын, якія абвяшчалі Евангелле на зямлі Беніна і ўсёй Афрыкі.

Праз момант я падпішу Апостальскую паслясінадальную адгартацыю “Africae munus”. У ёй гаворыцца аб міры, справядлівасці і прымірэнні. Гэты тры каштоўнасці з’яўляюцца фундаментальным евангельскім ідэалам у жыцці кожнага ахрышчанага і патрабуюць здаровага прыняцця вашай ідэнтычнасці як святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Дарагія святары, адказнасць за нясенне міру, справядлівасці і прымірэнне датычыць вас асаблівым чынам. З нагоды атрыманых вамі пасвячэнняў і праз цэлебрацыю сакрамэнтаў вы пакліканы быць людзьмі паяднання. Як крышталь, які сам не мае святла, але адбівае яго і аддае, так і святар павінен выпраменьваць тое, што атрымлівае. Таму я заахвочваю вас быць адлюстраваннем Хрыста праз ваша жыццё, дзякуючы сапраўднай лучнасці з біскупам, у рэальнай дабрыні адносна вашых братоў, у глыбокім клопаце аб кожным ахрышчаным і вялікай павазе да кожнага чалавека. Дайце Хрысту перамяніць сябе, ніколі не дазвольце замяніць прыгажосць вашага святарства на эфімерную і часта нездаровую рэчаіснасць, якую сучасная ментальнасць імкнецца ўкараніць ва ўсе культуры. Раю вам, дарагія святары, не змяншаць невымерную веліч Божай міласэрднасці, закладзенай у вас, яна дазволіць вам служыць міру, справядлівасці і прымірэнню.

Дарагія законнікі і законніцы, актыўныя і кантэмпляцыйныя, кансэкраванае жыццё – гэта радыкальнае наследаванне Езуса. Няхай свабодны выбар Хрыста накіроўвае вас да бязмежнай любові да бліжняга! Беднасць і чыстасць робяць вас сапраўды свабоднымі для таго, каб бескампрамісна слухацца толькі Любові, якая, напаўняючы вас, прымушае распаўсюджваць яе. Беднасць, паслухмянасць і чыстасць паглыбляюць у вас прагу Бога і голад Яго Слова, якія, ўзрастаючы, пераўтвараюцца ў голад і прагу служэння бліжняму, які не мае ні справядлівасці, ні міру, ні прымірэння. Евангельскія парады, калі будзеце верна імі кіравацца, зробяць вас універсальнымі братамі і сёстрамі ўсіх і дапамогуць вам рашуча крочыць па дарозе святасці. Вы асягнеце яе, калі будзеце мець перакананне, што для вас жыць – значыць быць у Хрысце (Тэс 1, 21), робячы вашы супольнасці адлюстрaваннем Божай славы: месцы, дзе не існуе абавязкаў апроч ўзаемнай любові (пар. Рым 13, 8). Праз вашу асабістую харызму, жывучы ў духу адкрытасці і паўсюднасці Касцёла, вы здолееце ўносіць уклад ў гарманічнае аб’яўленне бясконцасці Божых дароў на службе ўсяму чалавецтву.

Звяртаючыся зараз да вас, дарагія семінарысты, я заклікаю вас быць стараннымі ў школе Хрыста, каб здабыць цноты, якія дапамогуць вам перажываць святарскую паслугу як прастору вашай святасці. Без логікі святасці – гэта служэнне не больш, чым сацыяльная служба. Якасць вашага будучага жыцця залежыць ад якасці вашых асабістых адносін з Богам у Езусе Хрысце, ад вашай ахвярнасці, ад добрага разумення патрэбаў вашай цяперашняй фармацыі.

У абліччы выклікаў чалавечага існавання, святар сёння як і заўтра, калі жадае быць годным даверу сведкам на службе міра, справядлівасці і прымірэння, павінен быць чалавекам пакорным і разважлівым, мудрым і вялікадушным. Пасля 60 гадоў святарскага жыцця, магу асабіста сказаць вам, дарагія семінарысты, што вы не пашкадуеце аб тым, што падчас вашай фармацыі вы атрымалі інтэлектуальнае, духоўнае і пастырскае багацці.

Што тычыцца вас, дарагія свецкія вернікі, пакліканыя самой рэчаіснасцю штодзённага жыцця быць соллю зямлі і святлом свету, заклікаю вас таксама аднаўляць вашу дзейнасць дзеля справядлівасці, міра і прымірэння. Гэта місія патрабуе перш за ўсё падтрымання веры ў сям’і, пабудаванай паводле Божага плану, і вернасці як эсэнцыі хрысціянскага сужэнства. Неабходна таксама, каб вашы сем’і былі сапраўдным “хатнім касцёлам”. Дзякуючы сіле малітвы, “асабістае і сямейнае жыццё паступова пераменяецца і паляпшаецца, узбагачаецца дыялог, вера перадаецца дзецям, узрастае задавальненне быць разам, і сямейны ачаг усё больш умацоўваецца і аб’ядноўваецца” (Пасланне нa Сусветную сустрэчу сем’яў у Мехіка, 17 студзеня 2009г., н. 3). Даючы панаваць у нашых сем’ях любові і прабачэнню, вы ўнесецё ўклад у пабудову прыгожага і моцнага Касцёла, у стварэнне большай справядлівасці і міра ва ўсім грамадстве.

У гэтым кантэксце я заклікаю вас, дарагія бацькі, мець глыбокую павагу да жыцця і перад вашымі дзецьмі сведчыць гуманітарныя і духоўныя каштоўнасці. Запрашаю асабліва катэхетаў, гэтых дастойных місіянераў у цэнтры самых складаных сітуацый, з надзеяй і непахіснай рашучасцю заўсёды несці адмысловую дапамогу і абсалютна неабходнае пашырэнне веры ў адпаведнасці з навучаннем Касцёла (ІІ Ватыканскі Сабор, дэкрэт “Ad gеntes”, 17).

Завяршаючы маю сустрэчу з вамі, хачу заклікаць усіх вас да аўтэнтычнай і жывой веры – неразбуральнага фундаменту святога хрысціянскага жыцця, і да служэння пабудове новага свету. Любоў да аб’яўленага Бога і Яго Слова, любоў да сакрамэнтаў і Касцёла – гэта дзейснае супрацьпастаўленне падманлівым сінкрэтызмам. Гэта любоў спрыяе добрай інтэграцыі сапраўдных каштоўнасцяў культур у хрысціянскую веру. Яна свабодная ад акультызму і перамагае злых духаў, бо чэрпае з моцы самой Святой Тройцы. Пражытая глыбока, гэта любоў з’яўляецца таксама ферментам адзінства, якое перамагае любую перашкоду і такім чынам спрыяе пабудове адзінага Касцёла, у якім няма падзелу паміж ахрышчанымі, бо ўсе ёсць адно ў Езусе Хрысце (Гал. 3, 28). З вялікім даверам разлічваю на кожнага з вас – святары, законнікі і законніцы, семінарысты і свецкія вернікі, што Касцёл будзе жыць гэтым. На знак маёй блізкасці – духоўнай і айцоўскай, і даручаючы вас Беззаганнай Марыі, прашу для ўсіх вас, вашых сем’яў, моладзі і хворых, поўню Божага благаслаўлення!”
Пасля заканчэння сустрэчы са святарамі, семінарыстамі, законнікамі, законніцамі і свецкімі вернікамі Святы Айцец накіраваўся ў базыліку Беззаганага Зачацца Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе адбылося ўрачыстае падпісанне адгартацыі “Africae munus”.







All the contents on this site are copyrighted ©.