2011-11-19 15:35:52

Апублікавана Апостальская адгартацыя Бэнэдыкта XVI “Africae munus” (Сінтэз дакумента)


RealAudioMP3 19 лістапада Бэнэдыкт XVI падпісаў Апостальскую адгартацыю “Africae munus”, заключны дакумент Сінода Біскупаў Афрыкі, які прайшоў у Рыме 4-25 кастрычніка 2009 г. на тэму прымірэння, справядлівасці і супакою.

Дакумент Папы складаецца з двух частак. У першай абмяркоўваюцца асноўныя напрамкі евангелізацыйнай місіі Касцёла ў Афрыцы, якому патрэбны, перш за ўсё, прымірэнне, справядлівасць і мір. У другой частцы дакумента звяртаецца ўвага на апостальскую дзейнасць Касцёла, асабліва ў галіне адукацыі, аховы здароў’я і СМІ. У адгартацыі “Africae munus” вельмі часта ўзгадваецца аб надзеі. Папа ўсведамляе багацце інтэлектуальнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны Чорнага Кантынента, а таксама цяжкасць выклікаў, якія сёння стаяць перад ім. Святы Айцец заахвочвае жыхароў Афрыкі, усё больш адкрывацца на Хрыста і Яго любоў, а таксама аднаўляць жыццё свайго кантынента.

Новы дакумент утрымлівае спасылкі на апостальскую адгартацыю бл. Яна Паўла ІІ “Ecclesia in Africa”, плён І Сінода Біскупаў Афрыкі, які прайшоў у 1994 г. на тэму “Касцёл, як Божая сям’я”. Акрамя таго, у адгартацыі выкарыстоўваюцца некаторыя матэрыялы з паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Бэнэдыкта ХVI “Verbum Domini”, і з рабочага дакумента для Сінода аб новай евангелізацыі, які ў 2012 г. адбудзецца ў Ватыкане.

У сваёй адгартацыі Бэнэдыкт ХVI звяртае ўвагу на тое, што “Афрыка павінна пачуць голас Хрыста, які абвяшчае любоў да бліжняга, і нават да ворагаў” (13). Папа адзначае, што прымірэнне з Богам і з бліжнім “неабходна ў справе пабудовы супольнасці асоб і народаў” (16), а значыць і міру. “Афрыканскія грамадствы глыбока параненыя грамадзянскімі войнамі і генацыдамі” патрабуюць унутранага ачышчэння і прабачэння, каб “падзеленыя сем’і адшукалі згоду”. Для паспяховага прымірэння, неабходна “прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў канфліктах і злачынствах, хто спрыяе кантрабандзе”. “Неабходна вызначыць іх адказнасць”, “каб такія трагедыі больш не паўтарыліся” (21), - падкрэслівае Пантыфік.

Папа адзначае, што хоць “будаванне справядлівага грамадскага парадку належыць да кампетэнцыі палітычнай сферы”, але “адным з заданняў Касцёла ў Афрыцы з’яўляецца фарміраванне новых сумленняў, уважлівых да патрэбаў справядлівасці” (22). Гэта тычыцца Божай справядлівасці, заснаванай на любові ў поўнай адданасці іншым, якая пераўзыходзіць звычайныя патрабаванні чалавечай справядлівасці. “Захоп дабротаў зямлі меншасцю, за кошт усяго народа з’яўляецца амаральным” і “трэба вярнуць гэтым народам справядлівасць” (24). У духу салідарнасці і міласэрнасці, паводле логікі евангельскіх благаслаўленняў, “трэба звярнуць асаблівую ўвагу на бедных, галодных, хворых, бежанцаў, вязняў, эмігрантаў і эвакуіраванаў” (27), - адзначае Папа. Касцёл дапамагае фарміраваць новую Афрыку, агучваючы “нямы крык пераследаваных, нявінных людзей і цэлых народаў, якіх, кіруючыя краінамі, абцяжарваюць у імя сваіх прыватных інтарэсаў” (30).

У адгартацыі звяртаецца ўвага на тое, што дасягненню прымірэння, справядлівасці і міра служыць катэхізацыя, якая вядзе да сапраўднага навяртання, да жыцця праўдай сакрамэнта споведзі. Трэба сур’ёзна аналізаваць традыцыйныя афрыканскія абрады прымірэння, каб ацаніць іх пазітыўныя аспекты для інкультурацыі Евангелля. Яны могуць дапамагчы ў перажыванні сакрамэнта споведзі, аднак ніколі не змогуць яго замяніць. Праз сакрамэнт хросту і Эўхарыстыю “Кроў Хрыста стварае новае братэрства, супрацьстаіць трыбалізму, разізму, этноцэнтрызму” (41).

Папа адзначае, што асаблівай абароны патрабуе сям’я, якой пагражаюць “аборты, разводы, рэлятывізм новай этыкі і змена сэнсу сужэнства і мацярынства”(43). Вядомай афрыканскай каштоўнасцю з’яўляецца павага да старэйшых асобаў. Яна павінна “натхняць заходнія грамадствы, каб клапаціліся аб старасці з большай годнасцю”(47).

Святы Айцец звяртае ўвагу на непавагу да годнасць жанчын у Афрыцы, а таксама на моладзь, якая складае большасць у грамадстве. Папа спачувае лёсу маладых людзей, а таксама сіротаў, дзяцей-салдат, дзяцей вуліцы ці тых, якія апынуліся ў турме, каго прымушаюць да фізічнай працы, ці прадаюць у якасці сексуальных рабоў. Папа піша аб неабходнасці абароны жыцця, як перад абліччам абортаў, якія пашыраюцца сёння схаваным чынам у міжнародных дакументах, а таксама перад абліччам наркаманіі, алкагалізма, эпідэмій. Пантыфік указвае на праблему СНІДа, барацьба з якім патрабуе адпаведнага медыцынскага і фармацэўтычнага лячэння. Касцёл спрыяе таму, каб панізіць кошт іх лячэння, але праблема тут перш за ўсё этычнай прыроды. Паспяхова прадухіліць распаўсюджванне СНІДа можа толькі сексуальная стрыманасць і сужэнская вернасць.

Папа заклікае афрыканскіх палітыкаў, каб яны падтрымлівалі развіццё школьнай адукацыі, змагаліся з непісьменнасцю, змагаліся за адмену смяротнага пакарання, паважалі дэмакратычныя законы, супольнае дабро і змагаліся з карупцыяй. Неабходным з’яўляецца клопат аб навакольнае асяроддзі і эмігрантах.

Гаворачы аб экуменічным дыялогу Бэнэдыкт ХVI заклікаў да стварэння таварыстваў, з мэтай спрыяння ўчынкам міласэрнасці і ахове рэлігійнай спадчыны перад наступленнем незалежных афрыканскіх Касцёлаў (African Independent Churches), сінкрэтычных рухаў і сектаў, якія часта “палююць на даверлівасць людзей”(91).

Святы Айцец звяртае ўвагу на вядзьмартсва, якое прысутнічае ў традыцыйных афрыканскіх рэлігіях і звязаныя з імі страхі, а таксама на праблему “падвойнай прыналежнасці” – спалучэння хрысціянства з магічнымі практыкамі (93).

У другой частцы адгартацыі “Africae munus”, якая тычыцца апостальскай дзейнасці Бэнэдыкт ХVI звяртаецца да паасобных членаў Касцёла. Афрыканскіх біскупаў Пантыфік заклікаў да святасці жыцця і касцёльнага адзінства, а таксама супрацьстаяць спакусам нацыяналізма і клапаціцца аб выхаванні вернікаў. Каб зрабіць верагодным тое, што абвяшчаюць, іх дыяцэзіі павінны быць “узорам паводзін людзей, празрыстасці і добрага кіравання фінансамі” (104). Святароў Папа заахвоціў да такога жыцця, каб не падвяргаліся спакусам быць палітычнымі кіраўнікамі ці грамадскімі дзеячамі, каб былі паслухмянымі біскупам, захоўвалі цэлібат і былі незалежнымі ад матарыяльных дабротаў.

Семінарысты “не замыкаючыся ва ўласных этнічных і культурных межах(121) павінны станавіцца апосталамі маладога пакалення, узбуджаючы ў іх пакліканні да святарскага ці законнага жыцця. Святы Айцец рэкамендуе дыяканам, кансекраваным асобам і катэхетам, каб клапаціліся пра сваю інтэлектуальную і духоўную фармацыю. Свецкім вернікам Папа нагадвае тое, што яны пакліканы перажываць святасць у свеце і на працы. Тыя, хто мае адказнасць на палітычным, грамадскім ці эканамічным ўзроўні павінны добра ведаць сацыяльнае навучанне Касцёла.

Школам і ўніверсітэтам Каталіцкага Касцёла Святы Айцец рэкамендуе, каб клапаціліся пра мір і гармонію ў грамадстве, а таксама пра сваю каталіцкую ідэнтычнасць і пра развіццё афрыканскай тэалогіі. Каталіцкія “медыцынскія ўстановы павінны кіравацца згодна з этычнымі нормамі Касцёла, гарантуючы лячэнне згодна з яго навучаннем і павінны служыць выключна жыццю. Кіраванне атрыманымі фондамі павінна быць празрыстым і служыць перш за ўсё дабру хворага”(141).

Таксама “Касцёл павінен быць прысутным ў сродках масавай інфармацыі, каб зрабіць з іх прыладу не толькі ў распаўсюджванні Евангелля, але таксама ў падрыхтоўцы афрыканскіх народаў да прымірэння. Добрае выхаванне журналістаў у галіне этыкі і павагі да праўды, дапаможа ім пазбягаць схільнасцяў да сенсацый, а таксама спакус маніпуліраваць інфармацыяй”(145).

Нарэшце новы дакумент Папы падкрэслівае значэнне “missio ad gentes” адносна тых людзей, якія яшчэ не знаюць Добрай Навіны, а таксама новай евангелізацыі сярод тых, хто адмовіўся ад практыкавання хрысціянскай веры. Касцёл у Афрыцы “пакліканы спрыяць новай евангелізацыі таксама ў тых краінах, якія раней далі шматлікіх місіянероў і якім цяпер, на жаль, не хапае пакліканняў да святарскага і законнага жыцця” (167).

Апостальская адгартацыя “Africae munus” таксама прапануе пачаць канкрэтныя дзеянні на карысць прымірэння, справядлівасці і міру на Чорным Кантыненце ў духу прапаноў Сіноду Біскупаў з 2009 г. Бэнэдыкт ХVI рэкамендуе “падтрымліваць біблійнае апостальства ў кожнай хрысціянскай супольнасці, у сям’і і ў касцельных рухах” (150). Папа прапануе арганізаваць у Афрыцы “кантынентальны эўхарыстычны кангрэс” (153). Заахвочвае “пастыраў мясцовых Касцёлаў прызнаваць сярод афрыканскіх служыцеляў Евангелля тых, якіх можа было б кананізаваць, згодна з законамі Касцёла – не толькі з мэтай павялічыць лік святых афрыканскай зямлі, але таксама, каб здабыць новых пасярэднікаў у небе, каб яны суправаджалі Касцёл у яго зямной пілігрымцы і заступаліся перад Богам за кантынент” 114). Нарэшце Папа рэкамендуе “штогадова святкаваць ў кожнай краіне: дзень ці тыдзень прымірэння, асабліва ў перыяд Адвента ці Вялікага Посту”. Можна таксама “спрыяць ўстанаўленню Года Прымірэння на кантынентальным узроўні, каб атрымаць у Бога асаблівае прабачэнне за ўсялякае зло і раны, якія людзі ў Афрыцы ўзаемна нанеслі сабе, і каб прымірыліся асобы і групы людзей, што былі зраненыя ў Касцёле і ў цэлым грамадстве”. На думку Святога Айца гэта мог бы быць “Надзвычайны Юбілейны Год”, падчас якога Касцёл у Афрыцы і на суседных астравах склаў бы падзяку Паўсюднаму Касцёлу і прасіў ласку атрымаць дары Духа Святога, асабліва дару прымірэння, справядлівасці і міра” ( 157).








All the contents on this site are copyrighted ©.