2011-11-18 12:13:08

Пакістан: дыскрымінацыя хрысціян у турмах


RealAudioMP3 Зняволеныя хрысціяне ў Пакістане знаходзяцца ў “асабліва небяспечнай” сітуацыі і пакутуюць у турмах ад дыскрымінацыі, паведаміў мясцовы каталіцкі адвакат.

Моаззам Аслам Бхаці, які працуе ў Фейсалабадзе, заявіў, што хрысціяне-зняволеныя знаходзяцца ў неспрыяльным становішчы падчас размеркавання харчавання, адзення і медыкаментаў, а таксама не маюць магчымасці вызнаваць сваю рэлігію. “Гэта сітуацыя павінна змяніцца”, - сказаў ён у размове з супрацоўнікамі арганізацыі “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”.

Большасць хрысціян, якім былі прад’яўлены абвінавачванні, не ў стане наняць адваката з-за сваёй беднасці і нізкага сацыяльнага становішча. У каталіцкага адваката выклікае трывогу той факт, што шмат людзей трапляе ў турму за дробныя правапарушэнні і маглі б быць вызвалены, калі б былі ў стане заплаціць штрафы, накладзеныя на іх. “Церпяць таксама дзеці, якія вымушаны заставацца ў турме разам са сваімі маці”.

Дамініканін Іфціхар Мун, які займаецца душпастырствам зняволеных у Фейсалабадскай дыяцэзіі, заявіў, што ў горадзе ёсць каля 5 тыс. зняволеных. Каля 100 з іх з’яўляюцца хрысціянамі.

Бхаці вучыўся ў Англіі, перш чым вярнуцца ў Пакістан, каб працаваць з абяздоленымі. “Нягледзячы на прапановы добрай працы за мяжой, я вярнуўся ў Пакістан для таго, каб рабіць усё што ў маіх сілах, дапамагаючы людзям”, - сказаў ён. “Я ганаруся тым, што ў стане зрабіць нешта для людзей у гэтай частцы свету, дзе хрысціян пераследуюць і выкідваюць на абочыну грамадства”.







All the contents on this site are copyrighted ©.